Сядзібны комплекс Тышкевічаў «Вялае». У XIX стагоддзі і на пачатку XX стагоддзя мясціна Вялае, або Вяла, уласнасць магнацкага роду Тышкевічаў , набыла вялікае значэнне ў гісторыі Налібоцкай пушчы. На самым пачатку XIX стагоддзя (з 1803 года) Тышкевічы завалодалі землямі на Валожыншчыне (у тым ліку і паўночнымі тэрыторыямі Налібоцкай пушчы, уключаючы Вялае) і адбудавалі вялікі мураваны палац у мястэчку Валожын. Яны пачалі выкарыстоўваць Вялае як месца правядзення шыкоўных ловаў, якія былі важным атрыбутам магнацкага жыцця ў той час. Першапачаткова ў Вялым былы толькі развойная гаёўня, дзе размяшчаліся адпаведныя леса-лавецкія службоўцы кшталту асочнікаў і лясных стражаў.
У 1840 годзе ў Вялае Тышкевічамі адбудоўваецца драўняны паляўнічы палацык. У прыватнасці, ягонае будаўніцтва было замоўлена, фінансавалася і кантралявалася Бенядзіктам Эмануэлям Тышкевічам (жыў 1801-1866 гады). Гэты палацык прастаяў у Вялае ў больш менш першапачатковым выглядзе да сярэдзіны 1880-х гадоў, калі ён быў значна перабудаваны. Яго звалі даўнім лавецкім палацыкам. Захаваўся ягоны фотаздымак, што быў надрукаваны ў польскім лавецкім часопісе ў 1939 годзе (Łowiec Polski, 1939(3)). Там жа таксама надрукавана фота іншага лавецкага палацыка ў Вялым, які звалі новым. Параўноўваючы іх архітэктурна, бачна, што новы палацык быў асобным будынкам (то бок не з’яўляўся перабудаваным даўнім палацыкам), але абодва палацыкі архітэктурна падобныя. Хутчэй за ўсё ён стаяў блізка ад даўняга палацыка на тым жа самым пляцы з супрацьлеглага боку. Недзе ў канцы 1880-х гадоў, або на самым пачатку 1890-х гадоў гэтыя драўняныя вялікія забудовы з нейкай прычыны згарэлі.
Замест згарэлых паляўнічых палацыкаў у Вялым Бенядзіктам Генрыхам Тышкевічам (жыў 1852-1935 гады) у 1890-х гадах будуецца вялізны мураваны будынак, рэшткі якога ацалелі дагэтуль. Гэты палац быў мураваны чырвонай цэглай на муры з колатага валуну. Ён меў тры паверхі (калі лічыць пакоі на паддашку) і шмат пакояў. Перад пераездам у Вялае Бенядзікт Генрых Тышкевіч жыў пераважна ў Францыі. Па смерці жонкі ў 1883 годзе ён вырашыў значна больш жыць сярод дзікай прыроды, у аддаленым і ціхамірным Вялым у Налібоцкай пушчы. У новай мураванцы Бенядзікт Генрых Тышкевіч ладзіў фоталабараторыю і павільён для фотаздымак. Бенядзікт Генрых Тышкевіч быў першым беларускім фатографам. Акрамя павільённых фотаздымкаў ён займаўся фатаграфаваннем побыту тамтэйшых сялян. Таксама Бенядзікт Генрых Тышкевіч быў аматарам палявання й фатаграфаваў прыроду ў тым ліку і некаторых дзікіх жывёл, напрыклад высакародных аленяў. Істотна зазначыць, што геаграфічную лакалізацыю сваіх фотаздымкаў Бенядзікт Генрых Тышкевіч падпісваў нязменна як Літва, Вялае. У Вялым ён жыў досыць доўгі час. Цяжка сказаць да якога года гэты славуты піянер-фатограф, выбітны вандроўнік і калекцыянер жыў у Вялым, а пасля стаў толькі часам наведваць яго. Таксама ўсе гэтыя гады ён часта бываў за мяжою, пераважна ў Францыі, а потым зноў вяртаўся ў Вялае.
Паступова Вялаўская гаспадарка пераходзіць у рукі сына Бенядзікта Яна Тышкевіча (жыў 1875-1948 гады), які быў жарсным заўзятарам палявання й узбагачэння навакольнай прыроды. Ягонае гаспадаранне доўжылася ў Вялае толькі да 1915 года. У Вялым Бенядыкт Ян Тышкевіч стварыў досыць вялікі звярынец плошчай каля 400 гектараў. У гэтым звярынцы, які праіснаваў да 1915 года, утрымліваліся ласі, даніэлі, плямістыя й высакародныя алені, казулі й нават бурыя мядзведзі. Таксама ў звярынцы пачалі разводзіць баброў ды базаноў. Будаўніцтва звярынца каштавала больш за тысячу расійскіх рублёў, што на той час было немалымі грашыма. У Вялым паляванне часцей вялося на дзікоў, ласёў, высакародных аленяў і баброў. Бавіліся й паляваннем на глушцоў, качак, бурага мядзведзя, ваўка й рысь. Бенядыкт Ян Тышкевіч, як і бацька, быў таксама крыху фотааматарам і пераважна спрабаваў фільмаваць дзікіх жывёл, але гэтакія ягоныя фотаздымкі на жаль амаль што не захаваліся (мажліва акрамя некаторых, што былі надрукаваны ў ужо прыгаданым польскім лавецкім часопісе ў 1939 годзе). У Тышкевічаў быў свой прыватны самаход – адзін з першых на тагачаснай Беларусі, і на гэтым самаходзе на пачатку дваццатага стагоддзя яны прыязджалі ў Вялае. Гэтакім чынам, то быў першы аўтамабіль, які ездзіў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы.
Бенядыкт Ян Тышкевіч канчаткова з’ехаў з Вялага з пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе, далей жыў у Парыжы і больш у Вялае не вяртаўся. У 1915-1918 гадах пад час Першай сусветнай вайны ў камяніцы Тышкевічаў у Вялым абгрунтаваўся вялікі расійскі ваенны шпіталь. Пад час гэтае вайны Вялаўскі звярынец і мураваны палацык у Вялае былі разрабаваны вайскоўцамі і клусаўнікамі, да таго ж адна з акопных ліній абароны расійскіх войскаў капалася па краю звярынца, што таксама нямала паскорыла заняпад звярынца і палацыка.
Пасля Першай сусветнай вайны за польскім часам польскія ўлады з 1926 году спрабавалі аднавіць Вялаўскі звярынец і адрамантаваць Тышкевічаў палацык у Вялае, уклаўшы ў гэта шмат фінансавання. Разводзілі аленяў, баброў ды базаноў. Уваход Заходняй Беларусі ў склад СССР, а далей Другая сусветная вайна спынілі гэтакія працы ў Вялым.
Пад час Другой сусветнай вайны савецкія партызаны ўзарвалі Тышкевічаву камяніцу ў Вялым, бо тамака месціліся нямецкія вайскоўцы. У 1940-1951 гадах за савецкім часам у Вялым й ейных ваколіцах на параўнальна невялічкай плошчы 13.6 тысяч гектараў праіснаваў Вялаўскі запаведнік, што быў створаны савецкім урадам дзеля захавання і развядзення аленяў, дзікоў і баброў. У 1951 годзе, не дасягнуўшы развіцця, ён быў скасаваны савецкім урадам. Далей за савецкім часам у Вялым быў адбудаваны вялікі санаторый, які спыніў сваю дзейнасць у асноўным праз радыеактыўнае забруджанне ў 1986 годзе пасля Чарнобыльскай аварыі. Цяперака Вялае стаіць пераважна запусцелае, але хтосьці працягвае жыць у дамах былых санаторных службоўцаў.