Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўная царква ў Дзятлавічах (Лунінецкі раён). Стары храм, помнік драўлянага дойлідства, страчаны ў 1990 г. Цяпер на яго месцы стаіць новая цагляная царква.
== Гісторыя ==
Царква была пабудавана ў 1823 г. у в. Дзятлавічы (Лунінецкі раён) пры манастыры.
У 1960-я гады ад удару маланкі цэнтральны купал царквы загарэўся і зваліўся ўнутр храма. Царква пасля пажару не аднаўлялася. Страчана ў 1990-я гады. Званіца была разабрана перад будаўніцтвам на тым жа месцы новага храма з сілікатнай цэглы.
== Архітэктура ==
Будынак адлюстроўвае сінтэз традыцый народнага дойлідства і асобных прыёмаў стыляў барока і класіцызму. Перабудоўвалася ў 1871 г. і 1896 г. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёма, завершанага двух’ярусным васьмёрыкам на ветразях, прылягаюць прамавугольны бабінец з дзвюма прыбудовамі абапал яго і пяцігранны, падзелены дзвюма падоўжнымі сценкамі на тры апсіды алтарны зруб. Над бакавымі апсідамі і прыбудовамі бабінца — чацверыковыя вежачкі з барочнымі галоўкамі на глухіх васьмерыках. На галоўным фасадзе паміж вежамі — невялікі трохвугольны франтон, цэнтральны ўваход вылучаны дугападобным казырком. Сцены завершаныя аркатурным фрызам, вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, падзеленыя тонкім карнізным поясам на два ярусы.
Царква мела разьбяны 6-ярусны іканастас з 50 абразамі, рукапіснае евангелле XVI ст. (не зберагліся). Пад будынкам размешчана пахавальня (вышыня 2,5 м). На паўднёвым захадзе ад царквы знаходзіцца драўляная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая шатровым дахам.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].