Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у в. Мамаі (Глыбоцкі раён). Помнік архітэктуры класіцызму з элементамі позняга барока. Пабудаваны ў канцы XVIII ст. як касцёл. З 1866 г. — царква Праабражэння Гасподняга.
== Архітэктура ==
Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты двухсхільным пакатым дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. У аснову архітэктарскай пластыкі фасадаў пакладзены дарычны ордар. Галоўны фасад раскрапаваны паўкалонамі, прамавугольнымі плоскімі і глыбокімі паўкруглымі нішамі. Уваход аформлены вялікім парталам. Бакавыя фасады з высока размешчанымі прамавугольнымі вокнамі аздобленыя пілястрамі. Сцены завершаныя развітым дарычным антаблементам. Унутры будынку дапаможныя памяшканні па чатырох вуглах прасторава вылучаюць з асноўнага памяшкання ўваходную і алтарную часткі. На сценах пілястры карынфскага ордара, на плоскай столі — цыліндрычныя скляпенні.
Па восі будынку стаіць двух’ярусная мураваная званіца-брама, завершаная трохвугольным франтонам, якая па стылістыцы адпавядае архітэктуры касцёла.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.