Спаса-Праабражэнскі сабор — праваслаўны храм у г. Слонім, размешчаны па адрасе вул. Пушкіна, 1.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў пачатку ХІХ ст. з цэглы на месцы касцёла канонікаў латэранскіх рэгулярных XVII ст., заснаванага ў 1635 годзе пінскім біскупам Яўхімам Гарбацкім і Я. С. Сапегам (старэйшы сын канцлера Л. І. Сапегі) з наданнем маёнтка Дарава. Верагодна, волю памерлага брата выканаў у 1650 годзе падканцлер вялікі літоўскі, староста слонімскі К. Л. Сапега. Кляштарны комплекс знаходзіўся на краі Рыначнай плошчы. Займаў квартал паміж вуліцамі Студэнцкай і Панасаўскай, уключаў мураваны касцёл Божага Цела, 2-павярховы жылы і аднапавярховы гаспадарчы карпусы, сад, агарод. Касцёл, пабудаваны ў рэнесансным стылі, меў шчытавы фасад, гранёную апсіду, бакавыя капліцы. Кляштар скасаваны ў 1832 годзе і зруйнаваны, касцёл быў перароблены пад Спаса-Праабражэнскі праваслаўны сабор.
Храм разбураны ў 1950-я гады, з 2000 г. аднаўляецца.
== Архітэктура ==
Архітэктурна-стылёвай і кампазіцыйнай асновай храма з’яўляецца папярэдні барочны касцёл. Выцягнуты па падоўжанай планіровачнай восі крыжова-купальны храм з паўкруглай апсідай і бакавымі рызніцамі. Над сяродкрыжжам двухсхільных дахаў узведзены васьмігранны барабан, накрыты самкнутым сферычным купалам з цыбулепадобнай галоўкай у завяршэнні і адзначаны па вуглах такімі ж галоўкамі на васьмігранных шыях. Тарцы аб’ёмаў завершаны двух’яруснымі крапаванымі лапаткамі і барочнымі франтонамі. Фасад фланкіраваны чатырохграннымі выступамі вежаў з макаўкамі ў завяршэнні і вылучаны па цэнтры нізкім прамавугольным прытворам пад двухсхільным дахам. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі праёмамі і пілонамі-контрфорсамі ў прасценках. Перад храмам узведзена трох’ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) вежа-званіца, завершаная цыбулепадобным купалам.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. -стар. 369.
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонім