
Спаса-Увазнясенская царква — праваслаўны храм у вёсцы Вельямовічах Брэсцкага раёна. Знаходзіцца на заходнім ускрайку вёскі.
== Гісторыя ==
Першая драўляная царква ў Вельямовічах была ўзведзена ў 1631 годзе як уніяцкая пад тытулам Святога Сімяона. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація ў сярэдзіне XIX стагоддзя замест трухлявага храма было вырашана ўзвесці мураваную царкву.
Праект распрацаваў у 1864 годзе гродзенскі архітэктар Іван Калянкевіч. Падрад на будаўніцтва ўзялі мяшчане Чарнігаўскай губерні І. Завенка, Г. Назараў, І. Цітоў і В. Хмельнікаў паводле кантракту ад 1 жніўня 1865 года. 14 верасня 1868 года царква была асвечана.
Агароджу царквы спраектаваў у 1868 годзе Мсціслаў Барташэўскі. Аднак, яна была няскончана, і ў 1870 годзе Гродзенская губернская канцылярыя даручыла яму скласці каштарыс на «прывядзенне агароджы ў належны стан».
У канцы ХІХ стагоддзя прыход налічваў 1183 вернікаў, дзейнічала царкоўна-прыходская школа. У часе Другой сусветнай вайны будынак быў пашкоджаны. У 1946 годзе ў ім меліся 22 абразы на палатне і дрэве і залачоны напрастольны крыж, драўляны трох’ярусны іканастас знаходзіўся ў дрэнным стане.
У 1961 годзе будынак быў зачынены і разрабаваны, доўгі час знаходзіўся ў разбураным стане. Пры гэтым царква лічылася помнікам архітэктуры.
У 2004 годзе прыход быў адноўлены, і ўвесну 2005 года іерэй Анатоль Пашкевіч распачаў рэстаўрацыю храма. Працы вяліся па арыгінальных чарцяжах.
18 чэрвеня 2011 года епіскап Іаан асвяціў адбудаваную царкву. Прыход пад кіраўніцтвам настаяцеля Алексія Лагашава аб’ядноўвае 4 вёскі, дзейнічаюць нядзельная школа і бібліятэка. Будынак царквы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Прасторавая кампазіцыя складаецца з чатырох кананічных частак — да асноўнага кубападобнага аб’ёму праз трапезную далучаны званіца, паўкруглая апсіда. Асноўны аб’ём завершаны 5-купаллем. У сілуэце будынка дамінуе 3-ярусная шатровая званіца з макаўкай.
Атынкаваныя фасады насычаны архітэктурнай пластыкай, запазычанай са старажытнарускага дойлідства, — аркатурныя паясы, візантыйскія спараныя арачныя аконныя праёмы, аб’яднаныя агульнай кілепадобнай аркай, філёнгавы цокаль, вуглавыя лапаткі, какошнікі, зубчастыя фрызы. Ніжні чацверыковы ярус званіцы завершаны какошнікамі, сярэдні дэкарыраваны прамавугольнымі нішамі і аконнымі праёмамі. Званіца завершана 8-гранным шатром з макаўкай. Зала храма была перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях, трапезная — крыжовым.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 131
Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.