Свята-Дабравешчанская царква і базыльянскі кляштар — помнік архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў у Малых Лядах. Месціцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Уключае царкву Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы і жылы корпус. Твор архітэктуры барока.
Пры пабудове быў у валоданні Уніяцкай царквы, цяпер — юрысдыкцыя Маскоўскага патрыярхату. Комплекс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
== Гісторыя ==
=== Вялікае Княства Літоўскае ===
Паводле падання аднаму з жыхароў Лядаў у сне з’явілася Маці Божая, якая загадала яму збудаваць храм у гонар Багародзіцы на месцы з’яўлення яе абраза. Першы драўляны храм быў пабудаваны ў 1732 годзе пры базыльянскім манастыры з фундацыі ваяводы менскага Вялікага Княства Літоўскага Крыштафа Завішы і яго жонкі Тэрэзы Розы з Тышкевічаў. На ўтрыманне Завішы ахвяравалі вёскі Грыва і Слабодка, асобны фальварак і 4 тыс. злотых.
Ідэя пабудаваць ужо мураваны храм належыць Ігнацію Завішу, пасля смерці якога ў 1739 годзе была ажыццёўлена яго жонкай Марцыбелай Агінскай, якая ахвяравала на гэтую мэту ў 1746 і 1756 гадах 10 тыс. злотых. Таксама ахвяравалі Ю. Іллініч і А. Беніцкі.
У 1792 годзе пачалося будаванне мураванай царквы, скончанае ў 1794 годзе.
=== Пад уладай Расійскай імперыі ===
Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Малыя Ляды апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, манастыр працягваў дзейнічаць як уніяцкі. У 1811—1850 гадах вялося будаванне жылога корпуса. Рымскі Папа Пій VI надаў царкве права надання індульгенцыі. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1809 годзе — 38 вучняў, у 1819 годзе — 143), шпіталь.
Пасля гвалтоўнага скасавання ў 1839 годзе Уніяцкай царквы былы базыльянскі манастыр быў пераведзены расійскімі ўладамі ў праваслаўе (Маскоўскі патрыярхат) і ўзведзены ў 3-і клас, школа ператворана ў павятовае духоўнае вучылішча, выпускнікам якога давалася права паступаць ва ўніверсітэт. На месцы з’яўлення цудатворнага абраза была пастаўлена капліца, да якой штогод учыняліся хрэсныя хады. Манастыр капітальна адрамантаваны ў 1878 годзе і 1898—1899 гадах (пашыраны іканастас, зроблены новы дах, над