Свята-Георгіеўская царква — праваслаўны храм у цэнтры вёскі Лешня Капыльскага раёна. Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя.
Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю мадэрн. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Храм уяўляе сабой пяцізрубны крыжападобны ў плане будынак з падоўжана-восевай кампазіцыяй: паслядоўна размешчаны бабінец, квадратны ў плане цэнтральны аб’ём і пяцігранная алтарная частка. Да цэнтральнай часткі з абодвух бакоў далучаны больш нізкія аб’ёмы. Над бабінцам — двух’ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца з высокім шпілем. Зальная частка з дапамогай залома пераходзіць у больш вузкі другі ярус, завершаны шатром з галоўкай. Бакавыя аб’ёмы і алтарная частка накрыты вальмавымі дахамі, фасады завершаны ступеньчатымі шчытамі. Уваход вырашаны ў выглядзе мураванага ганка з лесвіцамі з трох бакоў і навіссю. Усе аб’ёмы па перыметры апяразаны развітымі карнізамі. Прамавугольныя аконныя праёмы ўпрыгожаны фігурнымі сандрыкамі на кранштэйнах. Чаргаванне вертыкальнай і гарызантальнай шалёўкі, цягі і разны арнамент надаюць будынку своеасаблівы каларыт.
== Інтэр’ер ==
У інтэр’еры цэнтральная падкупальная прастора перакрыта гранёным шатровым скляпеннем. У іншых частках столі плоскія, падшыўныя. Падлога выкладзена керамічнай пліткай.
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.