Свята-Георгіеўская царква — помнік драўлянага дойлідства. Адносіцца да Столінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі.
== Гісторыя ==
Царква пабудавана ў другой палове XVII стагоддзя ў г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна на старажытных могілках майстрамі Усходнепалескай школы дойлідства. Пабудавана разам з 3-яруснай васьмерыковай званіцай (не захавалася) у 1724—1726 гадах з дрэва. Перабудаваная ў 1724 годзе. Папярэдні 2-зрубны храм упамінаецца ў інвентары 1675 г., знаходзіўся за паселішчам, па дорозе да фальварка Высокае; у 1663 годзе Іван Дубянецкі завяшчаў царкве маёнтак.
У 1990 годзе царква перададзеная веруючым. Помнік рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Трохзрубны храм глыбінна-восевай кампазіцыі ўключае прамавугольны ў плане бабінец, асноўны аб’ём і алтарную апсіду, накрытыя чатырохграннымі шатровымі дахамі з галоўкамі на васьмігранных барабанах. Да апсіды з поўначы прыбудавана рызніца, да бабінца з захаду — тамбур, завершаныя двухсхільнымі дахамі. Асноўны аб’ём мае дадатковы чацверыковы ярус, які абапіраецца на бэлькі паміж зрубамі бабінца і алтара. Ярусы падзяляе прычолак. Сцены знадворку ашаляваныя гарызантальна ў верхняй частцы, вертыкальна і ў «елку» ў ніжняй частцы, умацаваныя шырокімі лапаткамі. Вокны з трохгранным завяршэннем і крыжападобныя (у верхнім ярусе асноўнага аб’ёма). Дахі над бабінцам і апсідай крыху ссунутыя на захад і ўсход і злучаныя з цэнтральным аб’ёмам (двухсхільнымі стрэшкамі паміж асобнымі вярхамі). У кампазіцыйнай будове царквы выкарыстаная старажытна-руская сістэма прапорцый, пры якой дыяганаль цэнтральнага аб’ёму ў плане вызначае яго вышыню да асновы барабана купальнай галоўкі.
Званіца змешчана ў чатырохпавярховым будынку, таксама пабудаваным з дрэва.
== Інтэр’ер ==
У інтэр’еры дамінуе цэнтральны двухсветлавы аб’ём, злучаны з бабінцам арачным праёмам і аддзелены ад апсіды іканастасам. Усе памяшканні маюць плоскія бэлечныя перакрыцці. Мяркуюць, што раней шатровыя вярхі былі адкрыты ў інтэр’ер.
Драўляны разны іканастас створаны ў 1751 г. у стылі барока (майстар невядомы), устаноўлены на высокім цокалі з