Свята-Ільінская царква — помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1788 у в. Вуйвічы Пінскага раёна з рысамі стылю барока.
== Архітэктура ==
Храм мае шматпланавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якую фармуюць зрубы званіцы, цэнтральнага аб’ёма з пяціграннымі прыдзеламі і апсіда з квадратнай рызніцай. Вертыкальнай дамінантай з’яўляецца чатырох’ярусная чацверыковая званіца з гранёным сферычным купалам і макаўкай у завяршэнні. Квадратны ў плане асноўны аб’ём мае двух’ярусную пабудову з чатырохсхільнымі перакрыццямі і цыбулепадобнай галоўкай на двух’ярусным васьмерыковым барабане ў завяршэнні. Плоскасныя фасады гарызантальна ашаляваныя і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах. У інтэр’еры дамінуе прастора цэнтральнага аб’ёму, перакрытая шатровым скляпеннем на ветразях з «верхнім святлом» і раскрытая шырокімі прасветамі ў апсіду; бакавыя прыдзелы і бабінец аб’яднаныя агульным зрубам з прытворам. Пры ўваходзе на шырыню бабінца галерэя хораў з бакавой лесвіцай.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. – 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4