Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у вёсцы Варацэвічах Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Размешчана ў цэнтры вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1869—1872 (1874) гадах з цэглы. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва і яе план у 1864 годзе склаў інжынер-архітэктар М. Я. Чакмасаў і прыватны землямер Тарасевіч. Каштарыс на ўзвядзенне храма ў тым жа годзе выканаў архітэктар М. М. Барташэўскі.
Пры расчыстцы пляцоўкі была знесена карчма. Нейкі час існавала струхлелая драўляная царква, спраектаваная старшым грамадзянскім інжынерам Яноўскім у 1842 годзе замест ранейшага храма.
Для храма быў выкарыстаны «нармальны» праект № 2 бутавай царквы на 300 чалавек, распрацаваны Леанардам Кржыжаноўскім у 1870 годзе. Падрадчыкамі з’яўляліся жыхары Чарнігаўскай губерні І. Ц. Сяргееў і яго сын Кузьма.
Храм асвяцілі ў 1872 годзе. У 1920—30-я гады царква была закрыта, царкоўныя рэчы разабралі прыхаджане. Шмат рэчаў вернута ў царкву ў час яе адкрыцця ў 1993 годзе.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Манументальны белакаменны будынак з развітай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якую фарміруюць 3-ярусная шатровая званіца (дабудавана ў 1882), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобная малітоўная зала, да якой далучана паўкруглая апсіда. Розная вышыня аб’ёмаў, панаванне сярод іх шмат’яруснай шатровай званіцы з макаўкай стварае шматпланавую маляўнічую кампазіцыю.
Чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму і шацёр званіцы завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на гранёных барабанах. Галоўны ўваход аформлены арачным прафіляваным парталам. Фасады расчлянёны парнымі і адзінарнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставаных ліштвах. Пластыка фасадаў насычана архітэктурным дэкорам, запазычаным са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: аркатурныя фрызы, броўкі, гарадкі, парэбрык, кілепадобныя ліштвы і інш.
У інтэр’еры апсіда раскрываецца ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам і вылучана 2-ярусным іканастасам. Вуглы залы скошаны, зала перакрыта плоскай столлю на падугах.
Разны ківот і іканастас спраектаваў у 1870 годзе брэсцкі архітэктар Мсціслаў Барташэўскі. Ганаровае месца ў інтэр’еры храма займае абраз «Ісус Хрыстос» з дароўным надпісам, падараваны царкве ў дзень яе асвячэння гаспадаром маёнтка Напалеонам Ордам (адноўлены 12 снежня 1907).
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 191
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4. — С. 163