
Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у горадзе Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.
== Гісторыя ==
Знаходзіцца ў цэнтры горада. Пабудавана ў 1869 годзе з цэглы на месцы драўлянай царквы 1840 года. Праект храма складзены акадэмікам архітэктуры Мікалаем Чагіным і зацверджаны генералам ад інфатэрыі М. М. Мураўёвым 23 жніўня 1864 года. Будаўніцтва ажыццёўлена на сродкі інсургентаў. Падрадчыкам з’явіўся мешчанін Чарнігаўскай губерні Г. А. Назараў.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У аснове прасторавай кампазіцыі кубападобны цэнтрычны аб’ём, шатровы дах якога ўвенчаны 5-купаллем. Да храма па баках далучаюцца прамавугольныя прыдзелы пад двухсхільнымі дахамі, з фронту — прамавугольны прытвор, завершаны шатровай званіцай, з тыльнага фасада — паўкруглая апсіда. Плоскасці фасадаў раскрапаваны лапаткамі, аркатурай, прафіляванымі карнізамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах.
=== Інтэр’ер ===
Дэкаратыўна-кампазіцыйным акцэнтам інтэр’ера з’яўляецца двух’ярусны пяцічастковы іканастас (праект Чагіна) у арачным прасвеце апсіды. Над сяродкрыжжам шатровае скляпенне. У літургічным начынні інтэр’ера абразы 16 — 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя» (у драўлянай шаце), «Маці Божая Адзігітрыя» (у металічным абкладзе), «Цуд Архістраціга Міхаіла» і «Троіца» (19ст.).
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. — С. 227
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4