
Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўная царква ў аграгарадку Сухопаль Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, збудаваная ў 1903 годзе. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, ахоўваецца дзяржавай.
== Гісторыя ==
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Царква збудаваная з цэглы на месцы старой драўлянай царквы, якая была заснавана меркавана ў канцы XVII стагоддзя. Двойчы драўляны будынак згараў, а сучасны збудаваны з цэглы і асвечаны 26 кастрычніка 1903.
Храм дзейнічаў бесперапынна і за савецкім часам.
== Архітэктура ==
Храм чатырохчасткавай падоўжна-восевай кампазіцыі, створанай двух’яруснай званіцай над папярочным прытворам, прамавугольнай у плане трапезнай, кубападобнай малітоўнай залай, пяціграннай апсідай з бакавымі рызніцамі. У сілуэце дамінуюць цыбулепадобныя галоўкі гранёнага шатра званіцы (2 васьмерыкі над прамавугольным прытворам) і васьміграннага барабана над чатырохсхільным пакатым дахам асноўнага аб’ёму. Галоўны і бакавыя ўваходы ў выглядзе прытвораў пад двухсхільнымі дахамі аформлены вуглавымі лапаткамі, зубчастымі карнізамі, прамавугольнымі панэлямі. Лучковыя аконныя праёмы (у 2 ярусы ў асноўным аб’ёме) дэкарыраваны плоскімі ліштвамі. Аб’ёмы апяразаны прафіляванымі карнізамі, зубчастымі фрызамі, вуглавымі лапаткамі, слаістымі ў прасценках бакавых фасадаў асноўнага аб’ёму.
== Інтэр’ер ==
Прастора трапезнай адкрыта ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам. Апсіда вылучана драўляным іканастасам. Абраз 19 ст. «Спас Пантакратар».
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4