Шыфр : 413Г000372
Архітэктурны стыль : псеўдарускі стыль
Датаванне : 1844
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Мікалаеўская_царква_(Дубна)

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудаваная ў 1844 годзе ў в. Дубна Мастоўскага раёна, трохпрастольная. Знаходзіцца ў заходняй часцы паселішча. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

== Гісторыя ==

Некалі на беразе Нёмана існавала драўляная царква, якую знесла паводкай. Было вырашана будаваць новы храм.
Царква пабудавана ў 1844 годзе з цэглы. Храм асвечаны ў 1850 годзе епіскапам брэсцкім Ігнаціем і з таго часу бесперапынна дзейнічае. У 1864 годзе рэканструяваны архітэктарам В. Міхаэлісам.
Плошча царквы 720 м², а ўмяшчальнасць 3000 чалавек. Паводле легенды, царква ў Дубне была пабудавана італьянскімі архітэктарамі дзякуючы памылцы. Праект ствараўся для горада Дубна (Украіна) як велічны храм, разлічаны на шматлікую паству. Аднак будаўнікі пераблыталі і ўзвялі яго ў аднайменнай вёсачцы, якая налічвала ўсяго некалькі дзясяткаў двароў.

== Архітэктура ==
Па аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — цэнтральна-сіметрычны чатырохстоўпны пяцікупальны храм. Асноўны кубападобны аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам і завершаны цыбулепадобнымі купаламі. Асноўны аб’ём па вуглах фланкіруюць чатыры вежы-званіцы. Дамінуючы элемент кампазіцыі — галоўны светлавы барабан. Вышыня цэнтральнага купала 35 м. Адметная рыса інтэр’еру — вузкая галерэя хораў, якая апяразвае ўсходнюю, паўднёвую і паўночную сцены. Значна павышаная салея (узвышэнне падлогі перад іканастасам) у алтарнай частцы ўтварае два клірасы, злучаных з усходу парай вежаў-званіц. У пластыцы храму выкарыстаныя рысы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны на ўсіх фасадах, парапеты і інш.) і старажытнарускай архітэктуры (кілепадобныя нішы, цыбулепадобныя купалы).

== Інтэр’ер ==
Малітоўная зала павялічана адкрытым купальным светлавым барабанам, які падтрымліваецца вуглавымі парусамі. Інтэр’ер упрыгожаны манументальна-дэкаратыўнай фрэскавай размалёўкай. Апсіда вылучана трох’ярусным драўляным іканастасам-паўратондай (царскія вароты пачатку 19 ст. прывезены з в. Кустоўка). Такі ж іканастас размешчаны ў правым прыдзеле. Асабліва шануюцца абразы 19 ст. «Святы Мікалай», «Святы Георгій» і «Іаан Багаслоў».

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Шыфр : 413Г000372
Архітэктурны стыль : псеўдарускі стыль
Датаванне : 1844
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Мікалаеўская_царква_(Дубна)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты