
Свята-Мікалаеўская царква — драўляны праваслаўны храм у вёсцы Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік беларускага народнага дойлідства.
== Гісторыя ==
Папярэдняя царква вядома з 1475 года. Існуючая царква пабудавана да 1727 года, перабудавана ў 1860-я гады. У 2007 годзе храм быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
У царкве быў ахрышчаны Якаў Жалязоўскі — епіскап Брэсцкі (1848—1870).
== Архітэктура ==
Помнік драўлянага дойлідства. Асноўны прамавугольны зруб з алтарнай часткай уверсе трохграннай, унізе прамавугольнай, з рызніцамі па баках. З захаду да асноўнага зруба прымыкае квадратны ў плане бабінец, завершаны чацверыковай званіцай, накрытай шатром з галоўкай. Дах двухсхільны, над алтарнай часткай, дзе размешчаная невысокая фігурная галоўка, — трохсхільны. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі і каляровымі вітражамі. Інтэр’ер падзелены чатырма слупамі. Хоры ў заходняй частцы ў выглядзе арачнай галерэі, якую падтрымліваюць чатыры калонкі.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4