Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у в. Лань Нясвіжскага раёна.
== Гісторыя ==
Размешчана на ўскраіне вёскі, на могілках. Пабудавана ў 1842—1844 гадах за кошт князя Радзівіла і памешчыка Грыневіча, прыгонныя сяляне якіх складалі прыход. Перабудавана ў 1863 г. за кошт казны, з якой на перабудову і іканастас выдзелена 2202 рублі. Адрамантавана ў 1904 г. Царква — помнік драўлянага дойлідства.
== Архітэктура ==
Уяўляе сабой квадратны ў плане зруб, да якога далучаны з усходу пяцісценная апсіда з 2 прыбудоўкамі, на захадзе — двухпавярховы тамбур. Асноўны аб’ём пакрыты чатырохсхільным дахам з невысокай двух’яруснай галоўкай у цэнтры. Бакавыя фасады здвершаны невялікімі трохвугольнымі франтонамі, дэкарыраваныя пілястрамі, паміж якімі спараныя аконныя праёмы. Сцены гарызантальна ашаляваны. У аздобе выкарыстаны разныя вуглавыя накладкі, карнізы і ліштвы. Інтэр’ер зальны. 4 калонкі па вуглах зруба падтрымліваюць бэлькі перакрыцця.
== Брама-званіца ==
Насупраць галоўнага фасада царквы знаходзіцца мураваная двух’ярусная брама-званіца з 3 арачнымі праёмамі ў першым ярусе і 1 у другім. Накрыта шатровым дахам з макаўкай.
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.