
Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у в. Мількаўшчына Гродзенскага раёна. Знаходзіца ў цэнтры вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1904—1908 гадах з цэглы. Адрэстаўрыравана ў канцы XX стагоддзя.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры маскоўска-яраслаўскага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Вырашана прамавугольным у плане аб’ёмам, да якога далучаюцца прытвор-званіца, бакавыя прыдзелы і пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Над сяродкрыжжам узвышаецца кубападобны барабан, завершаны 5-купаллем і апяразаны какошнікавым парапетам і аркатурным фрызам. Над прытворам чатырох’ярусная (васьмярык на 3 чацверыках) шатровая званіца з макаўкай. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны двухслуповымі рундукамі пад двухсхільнымі пакрыццямі і вісячымі аркамі Чырвонацагляныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі з броўкамі, крапаваны шырынкамі, вуглавымі лапаткамі.
== Інтэр’ер ==
Унутраная прастора перактыта складанай скляпеністай канструкцыяй, апсіда вылучана двух’ярусным трохгранным іканастасам у неарускім стылі.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.