Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Вялікія Лазіцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці
Пабудавана ў цэнтры вёскі ў 1820 годзе з дрэва. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Помнік народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Аснову кампазіцыі складае крыжова-купальны асноўны аб’ём, да якога праз кароткі бабінец далучаны квадратны ў плане прытвор. Да цэнтральнага кубападобнага аб’ёму прылягаюць прамавугольныя ў плане прыдзелы і пяцігранная апсіда, накрытыя вальмавымі дахамі з макаўкамі на гранёных шыях. Цэнтральны аб’ём завершаны магутным васьмігранным светлавым барабанам з гранёным сферычным купалам. Галоўны ўваход вылучаны ганкам з двухсхільнай навіссю на парных слупах. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.
== Інтэр’ер ==
У інтэр’еры дамінуе прастора сяродкрыжжа, перакрытая скляпеннем на ветразях, якое абапіраецца на 3 пары слупоў.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — стар. 103.