Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Ляскавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
== Гісторыя ==
Знаходзіцца ў заходняй частцы вёскі. Перад царквой пастаўлена драўляная званіца-брама каркаснай канструкцыі.
Царква пабудавана ў 1783 годзе з дрэва на сродкі прыхаджан і памешчыка Гаўрыіла Арэшкі. Да 1830-х гадоў была ўніяцкай. У 1832—1838 гг. перароблена ў праваслаўную царкву. Каля 1836—1838 гг. мясцовымі майстрамі для царквы былі зроблены саламяныя царскія вароты, якія зараз захоўваюцца ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
З 1960-х гадоў царква не дзейнічала. У 1991 годзе храм быў адрамантаваны і асвечаны. У 2000 годзе праведзена рэстаўрацыя храма і званіцы.
== Архітэктура ==
Помнік народнага дойлідства. Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага асноўнага зруба і пяціграннай апсіды з бакавымі нізкімі рызніцамі. Агульны дах па цэнтры завершаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам. Галоўны фасад вырашаны плоскасна і завершаны трохвугольным франтонам даху з паўкруглай люкарнай у тымпане. Вертыкальна ашаляваныя сцены расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і вертыкальнымі бусамі-сцяжкамі ў прасценках.
== Інтэр’ер ==
У залу над уваходам выступаюць хоры, падтрыманыя 2 слупамі. Абразы 17 — 18 ст.: «Хрыстос Пантакратар», «Маці Божая Адзігітрыя», «Мікалай Угоднік», «Узнясенне», абразы 19 ст.: «Спас Пантакратар», «Архангел Міхаіл», «Святы Сцяфан», «Святы Фадзей», «Багародзіца з дзіцем».
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Лабачэ