Шыфр : 213Г000107
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 2000
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Раства-Багародзіцкая_царква_(Орша)

Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Знаходзіцца пры ўтоку ракі Аршыцы ў Дняпро, на Зааршынні, па адрасе: вуліца Савецкая, 4а.
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву, у 2000-я гады яе аднавілі на старых падмурках. Твор архітэктуры барока і класіцызму. Рэшткі падмуркаў гістарычнай царквы Раства Багародзіцы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

== Гісторыя ==
Гістарычную царкву Раства Багародзіцы збудавалі ў 1661 годзе. На плане Оршы 1770 года яна значыцца насупраць замка і гарадзішча.
У 1781 годзе царква мела назву саборнай у імя Раства Багародзіцы. У XIX стагоддзі яе пераасвяцілі ў імя Святога Мікалая. Будынак рамантаваўся ў 1818 годзе. На плане 1843 года перад царквой значыцца званіца.
У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі царкву разам з званіцай. У 1987 годзе пры пракладцы трубаправода ў культурным пласце на месцы царквы былі знойдзены асобныя часткі сцен і падмуркаў, рэшткі паліхромнай кафлі, шматлікія пахаванні. У 1994—1995 гадах праводзіліся археалагічныя даследванні падмуркаў царквы.
У 2000-я гады Беларуская Праваслаўная Царква аднавіла будынак на старых падмурках, аднак пры адбудове аўтэнтычныя барочныя купалы-бані з чатырохканцовымі крыжамі замянілі на пазалочаныя купалы-цыбуліны з васьміканцовымі крыжмі.

== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Гэта цэнтрычны кубападобны аб’ём з завяршэннем у выглядзе магутнага паўсферычнага купала, над якім узвышаецца васьмігранны ліхтар. Падобныя вежы адзначаюць вуглы асноўнага аб’ёма. Рысы барока выявіліся ў пластыцы вежаў і авальных люкарнах у аснове купала, складана пряфіляваных антаблементах, пластычных ліштвах прамавугольных аконных праёмаў. Рысы класіцызму — у аднолькавых кампазіцыях роўнічных фасадаў, завершаных трохвугольнымі франтонамі, антаблеменце з дарычным фрызам, парных паўкалонах. Да асноўнага аб’ёму воссю ўсход—захад далучаецца акруглая апсіда з бакавымі рызніцамі і прытвор. Будынак мае галоўны і 2 бакавыя ўваходы.
Інтэр’ер у стылі позняга барока меў багатую пластыку. Пад царквой існавала крыпта з пахаваннямі. Побач з царквой стаяў службовы корпус з вежай-званіцай, які выходзіў на Вакзальную (цяпер Савецкую) вуліцу.

Старыя здымкі і графіка

== Настаяцелі ==
Протаіерэй Іаан Кутневіч (5 жніўня 1798 — лістапад 1800)
Іерэй Сімяон Андрэевіч Любіч-Стратановіч (зг. у 1857)
Іерэй Гаўрыіл Ісакавіч Галоўчыц (зг. у 1861)
Іерэй Мікалай Іванавіч Казлоўскі (24 сакавіка 1863 — 11 лістапада 1879)
Іерэй Іаан Васільевіч Лепяшынскі (11 лістапада 1879 — 10 лютага 1899)
Іерэй Павел Пятровіч Хруцкі (10 лютага 1899 — 1916 (1923?))

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7.

Шыфр : 213Г000107
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 2000
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Раства-Багародзіцкая_царква_(Орша)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты