Царква ў імя святога прападобнага Сергія Раданежскага — праваслаўная царква пабудавана ў в. Лескавічы (Шумілінскі раён, Віцебская вобласць) на мяжы 19—20 ст. з цэглы і бутавага каменю.
2 жніўня 2016 года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь царкве нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Мае трохчасткавую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю: двух’ярусная чацверыковая званіца-прытвор, кубападобны аб’ём малітоўнай залы, трохгранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Рознавялікія аб’ёмы са шматграннымі бляшанымі пакрыццямі ствараюць ярусную прасторава развітую кампазіцыю. Пакаты чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму раней завяршаўся маляўнічым 5-купаллем, зараз — крыжам, над шатровым дахам званіцы — макаўка. Фасады дэкарыраваны аркатурнымі фрызамі, вуглавымі калонкамі і лапаткамі, нішамі, плоскімі ліштвамі арачных аконных праёмаў, выкладзенымі чырвонай цэглай на маляўнічым паліхромным фоне бутавай муроўкі сцен. Уваход вырашаны магутным арачным парталам з двухсхільным шчытом на 2 калонах. Унутры царква атынкавана; меліся двух’ярусны іканастас, 3 галандскія печы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Свята-Сергіеўская царква в. Лескавічы // Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001
Сергіеўская царква // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 469.
Царква ў імя прападобнага Сергія Раданежскага // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. — Мн., 2007. — С. 225.