Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у в. Цялядавічы (Капыльскі раён). Помнік драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў другой палове XVIII ст. на паўднёва-заходняй ускраіне як касцёл на сродкі нясвіжскага жаночага кляштара бенедыкцінак, якому належаў маёнтак. У 1868 г. храм перабудаваны і прыстасаваны пад царкву. У 1910 г. адноўлены шалёўка і элементы дэкору. У 1987—1988 гг. заменены дах, афарбаваны звонку.
== Архітэктура ==
Царква дзвюхвежавая, зальнага тыпу. Васьмігранная званіца з высокім шатром і галоўкай над франтонам, відаць, была пастаўлена ў час перабудовы, як і пяцігаловае завяршэнне храма. Двухсхільны дах, прарэзаны люкарнай, пераходзіць над пяціграннай алтарнай часткай у вальмавы і стварае па баках апсіды застрэшкі. Па ўсім перыметры будынку — карніз, пад ім фрыз у выглядзе аркатурнага поясу. Сцены гарызантальна ашаляваныя і раўнамерна расчлянёныя ступеньчатымі пілястрамі. Вялікія прамавугольныя аконныя праёмы акаймаваныя ліштвамі са ступеньчатымі сандрыкамі і скразной разьбой у ніжняй частцы. Пад вокнамі — цягі з ромбападобным арнаментам. Невялікія круглыя вокны ў тыльнай частцы будынка прызначаны для асвятлення размешчаных па баках апсіды сакрысцій.
== Інтэр’ер ==
У дэкоры інтэр’ера выкарыстаныя пілястры, карніз, аркатура і інш. Перакрыцце зальнай часткі люстранае, іншых памяшканняў — падшыўная плоская столь. Карнізы і пілястры размаляваныя пад светлы мармур. Над уваходам размешчаныя хоры. Апсіда вылучана 2-ярусным іканастасам на 6 абразоў.
== Літаратура ==
«Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4