Свята-Троіцкая царква — мураваны праваслаўны храм у в. Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на вул. Леніна, 2а.
Гісторыя
14 верасня 1991 года быў закладзены першы камень у падмурак новага храма. 29 лістапада 1996 года храм быў асвячоны мітрапалітам Філарэтам.
Пабудавана паводле праекта архітэктара В. М. Аладава.
Архітэктура
Манументальны храм трактаваны ў стылізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Цэнтральны кубападобны 2-ярусны аб’ём завершаны 5-купаллем, узбагачаным макаўкамі над шатром званіцы і сферычным пакрыццём паўкруглай апсіды з невялікімі рызніцамі. У сілуэце дамінуюць цыбулепадобны купал цэнтральнага цыліндрычнага светлавога барабана і шацёр высокай званіцы зграбных прапорцый. Тры ўваходы вырашаны 2-слуповымі рундукамі з вісячымі аркатурамі. Асноўная архітэктурная тэма — закамарнае завяршэнне праслаў фасадаў. У дэкаратыўным арсенале аркатурныя паясы, кілепадобныя какошнікі, цягнутыя лапаткі.
Літаратура
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.