
Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у в. Морына Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Гісторыя
У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1865 годзе з дрэва. Адкрыта пасля рэстаўрацыі ў 1988—1990 гг.
Архітэктура
Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю мадэрн. Вырашана двух’ярусным аб’ёмам — кубападобны асноўны пераходзіць у васьмігранны, накрыты пакатым шатровым бляшаным дахам з васьмігранным барабанам і макаўкай у завяршэнні. Па падоўжнай восі дабудаваны прамавугольны прытвор з 1-яруснай пад двухсхільным дахам званіцай і апсіда. Гарызантальна ашаляваныя сцены расчлянёны брусамі-сцяжкамі і адзінарнымі і здвоенымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў дашчатых ліштвах.
Інтэр’ер
Апсіда вылучана 1-ярусным на 8 абразоў драўляным белым іканастасам з пазалотай. Меўся мясцовашанаваны абраз «Маці Божая».
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4