Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у в. Вольна Баранавіцкага раёна, помнік архітэктуры ракако XVIII стагоддзя.
== Гісторыя ==
У 1632 годзе ўладальнікі Вольна, падстолі наваградскі Крыштоф Каменскі і яго жонка Алена Друцкая-Горская, фундавалі ў вёсцы новую ўніяцкую царкву, пры ёй базыльянскі кляштар. У 1768 годзе базыльяне пабудавалі мураваную царкву Святой Тройцы на сродкі шляхціча Дамыслоўскага. Пры базыльянскім кляштары існавала школа для шляхецкіх дзяцей, у якой вучыўся мастацтвазнавец, архітэктар і скульптар Рафал Слізень.
У 1839 годзе расійскія ўлады скасавалі базыльянскі манастыр. У яго будынкі ў 1840 г. пераведзены трэцякласны жаночы праваслаўны манастыр з Навагрудскага барысаглебскага жаночага манастыра, які праіснаваў да 1873 г. У 1874 г. пераведзены ў Мінскі Праабражэнскі манастыр. Такім чынам, мураваны манастырскі корпус, гаспадарчыя пабудовы і парк трапілі ў валоданне мінскага першакласнага жаночага манастыра, які стварыў тут сваю гаспадарчую сядзібу-ферму. Агароджай царква і гаспадарчы корпус (не захаваўся) былі аб’яднаны ў агульны архітэктурны ансамбль.
Дзейнічае як праваслаўная царква ў цяперашні час.
== Архітэктура ==
Храм уяўляе сабой мураваную трохнефную, двухвежавую базіліку з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Архітэктурны дэкор галоўнага фасада — «разарваны» карніз, пілястры, акантавае лісце, кароны, воінская атрыбутыка і інш., а таксама дэкаратыўны акцэнт інтэр’ера — галоўны алтар, вырашаны ў выглядзе каланады з крывалінейнымі антаблементамі, упрыгожаны скульптурнымі групамі ангелаў, адпавядаюць архітэктурнай эстэтыцы ракако.
== Літаратура ==
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск : БЕЛТА, 2009. — С.14-15.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. —