Свята-Троіцкая царква — праваслаўная царква ў Зёлаве. Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1842 у в. Зёлава Драгічынскага раёна ў стылі позняга класіцызму.
У 1960-я гады зачыненая, у 1990 г. аддадзеная вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння.
Згарэла 20 чэрвеня 2005 года. Ацалела званіца.
Пасля пажару 2005 ад храма засталіся некалькі цагляных калон ды падмурак з крыптай. У 2012 годзе было скончана ўзвядзенне новай царквы на месцы згарэлага храма.
== Архітэктура ==
Мае крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Складаецца з пяці зрубаў. Цэнтральны, квадратны ў плане зруб, завершаны масіўным граненым купалам, яго вуглы фланкіраваны чацверыковымі вежачкамі, увянчанымі галоўкамі. Па восях сіметрыі да асноўнага аб’ёму прылягаюць зрубы бабінца, алтару і бакавыя, утвараючы крыжападобную кампазіцыю. Яны накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і гарызантальнай панэллю ўнізе, завершаныя карнізам на мадульёнах. Вокны прамавугольныя, размешчаныя ў два ярусы. Чацверыковы аб’ём над асноўным зрубам і хоры над бабінцам асвятляюцца паўцыркульнымі вокнамі.
== Інтэр’ер ==
Інтэр’ер двухсветлавы. Зрубы бабінца і алтару маюць аднолькавую вышыню столі з асноўным аб’ёмам, бакавыя зрубы больш нізкія. Перамычкі праёмаў і хоры над уваходам падтрымліваюць калоны карынфскага ордара.
== Брама-званіца ==
Па восі царквы размешчаная трох’ярусная званіца-брама (васьмярык на двух чацверыках), накрытая купалам.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.