
Свята-Ушэсцеўская царква — праваслаўны храм у горадзе Горках Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада, на вул. Піянерскай, 29. Замыкае перспектыву вуліцы Кузняцова.
== Гісторыя ==
У 1841 годзе ў Горках ужо дзейнічала прыходская Ушэсцеўская царква. У траўні 1845 года замест спарахнелай пачалося ўзвядзенне мураванай царквы пры Горацкім земляробчым вучылішчы.
Архітэктарам храма стаў Анджэла Кампіёні (па іншых звестках — епархіяльны архітэктар Шастакоў), будаўніком — памешчык Клімавіцкага павета Пётр Саковіч.
Для царквы была выбрана роўная пляцоўка ў Казіміраўскай слабадзе, на паўвыспе паміж рэкамі Парасіцай і Проняй. Каштарыс на будаўніцтва, разам са званіцай і іканастасам, склаў 20 тысяч 343 рублёў 52 капейкі срэбрам. Працы вяліся за кошт дзяржавы і былі скончаны 26 лістапада 1850 года, калі архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Анатоль асвяціў храм.
У 1937 годзе царква была зачынена, праз чатыры гады набажэнствы аднавіліся. Настаяцель прыхода ў цяперашні час — протаіерэй Андрэй Выгоўскі, прычт — святар Васіль Шапялевіч.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Крыжова-купальны храм, кананічная чатырохчасткавая кампазіцыя якога складаецца з прамавугольных аб’ёмаў прытвора, трапезнай, малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі і апсіды. Сяродкрыжжа вянчае буйны цыліндрычны светлавы барабан з купальным пакрыццём. Другая вертыкальная дамінанта ў сілуэце будынка — 1-ярусная шатровая званіца, надбудавана над прытворам. Фасады завершаны закамарамі, крапаваны лапаткамі, арачнымі нішамі і круглымі разеткамі. Вузкія арачныя аконныя праёмы дэкарыраваны пластычнымі кілепадобнымі ліштвамі, падобнымі да рускіх какошнікаў. Уваход аформлены кілепадобным парталам.
У інтэр’еры пануе прастора сяродкрыжжа, павялічаная на вышыню барабана і сферычнага купала, абапёртых цераз ветразі на вуглавыя пілоны. Прыдзелы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, асвятляюцца строенымі аконнымі праёмамі. Прамавугольная апсіда адкрыта шырокім арачным прасветам і вылучана трох’ярусным пазалочаным драўляным іканастасам, таксама выкананым у рэтраспектыўна-рускім стылі.
Вышыня царквы — 24 м, даўжыня — 27 м, шырыня — 24 м. На званіцы налічваецца шэсць званоў.
=== Рэліквіі ===
Першапачаткова ў іканастасе, на сценах і ў рызніцы меліся старадаўнія абразы. У іканастасе знаходзіўся абраз Божай Маці з двух папярэдніх драўляных храмаў, які быў напісаны ў 1671 годзе і «выпраўлены прыхаджанамі». У царкоўныя святы ў Горках ладзіліся хрэсныя хады з малітвамі, у часе якіх насілі мясцовашанаваны абраз Маці Божай ў нізкапробнай срэбнай аправе, які захоўваўся ў царкве.
У іканастасе храма вылучаўся абраз Святога Духа, замацаваны да яго верхняга яруса, над царскімі варотамі.
У царкве захоўваліся напрастольнае Евангелл