Шыфр : 513Г000515
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1799
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Ушэсцеўская_царква_(Вялікая_Мядзвядка)

Свя́та-Ушэ́сцеўская царква́ — праваслаўны храм у аграгарадку Мазалава Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Размяшчаецца на заходняй ускраіне паселішча.

== Гісторыя ==

У другой палове XIV стагоддзя Лугвенам, сынам вялікага князя літоўскага Альгерда, у Мазалаве быў заснаваны манастыр. У 1631 годзе архімандрытам у ім служыў будучы ўніяцкі царкоўны дзеяч Рафаіл Корсак. У 1665 годзе манастыр быў пашыраны дачкой мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Марыянай і стаў называцца Спаса-Праабражэнскім. У 1743 годзе манастыр перавялі ва ўніяцтва, але ў 1778 годзе вярнулі праваслаўным. Пры ім дзейнічалі 2 царкоўнапрыходскія школы для дзяўчат і хлопчыкаў.
У 1799 годзе на сродкі графіні Чарнышовай у манастыры была ўзведзена Узнясенская царква, перабудаваная ў 1827—1832 гадах паводле праекта архітэктара Аўрама Мельнікава. Па выніках перапісу 1897 года, у манастыры было 10 двароў, пражывалі 89 чалавек, дзейнічала царкоўнапрыходская школа.
У пачатку XX стагоддзя манастыр налічваў 75 манашак і ўключаў 2 царквы: у гонар Узнясення Гасподняга і імя свяціцеля Мікалая Цудатворца (не захавалася). Свята-Мікалаеўская царква была збудавана ў 1880 годзе з цэглы, уяўляла сабой прамавугольны ў плане будынак, які быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем і чляніўся на бакавых сценах прамавугольнымі з люкарнамі і аконнымі праёмамі. У 1910 годзе пры кляштары працавала амбулаторыя.
За савецкім часам манастыр быў закрыты, у адным з будынкаў размясцілася школа (адкрыта ў 1925 годзе). У 1991 годзе адзіны захаваны ад манастыра будынак Узнясенскай царквы быў перададзены адноўленаму прыходу, пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У 2007 годзе царква была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. Станам на 2016 год, былі завершаны вонкавыя работы: дароблены дах, купал пакрыты нітрыдам тытана, які імітуе золата.

== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Мураваны амаль квадратны ў плане трохнефны чатырохстаўповы храм, да якога па восі ўсход-захад прымыкаюць паўкруглая апсіда, прытвор і чатырох’ярусная вежа-званіца (над галоўным уваходам) са шпілем. Сяродкрыжжа завершана купалам на круглым у плане светлавым барабане. Галоўны і бакавыя ўваходы з чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордара завершаныя трохвугольнымі франтонамі. У аздабленні фасадаў выкарыстаныя гарызантальны руст, дэкаратыўная скульптура, пілястры, прафіляваныя карнізы. Нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на папружных арках. Дах і завяршэнне званіцы не захаваліся. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі размешчаны ў 2 ярусы: вялікія — у ніжнім, маленькія — у верхнім.
Унутраная прастора 4 слупамі падзелена на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Пры ўваходзе хоры. Меўся мясцовашанаваны абраз «Маці Божая», прывезены з Чарнігаўскай губерні і падараваны графіняй Чарнышовай.

== Зноскі ==

== Літаратура ==

Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 292
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл. — С. 314—315
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.

Шыфр : 513Г000515
Архітэктурны стыль : класіцызм
Датаванне : 1799
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Свята-Ушэсцеўская_царква_(Вялікая_Мядзвядка)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты