Царква Успення Прасвятой Багародзіцы — праваслаўны храм у в. Бусяж (Івацэвіцкі раён), у паўднёва-заходняй частцы вёскі. Помнік архітэктуры барока.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1773—1779 гг. з цэглы як касцёл манахаў картэзіянцаў. У 1840-я гг. пераабсталяваны пад праваслаўную царкву. У час Вялікай Айчыннай вайны снарадамі пашкоджаны сцены, адбіты тынк.
== Архітэктура ==
Вырашана адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам пад высокім двухсхільным дахам, тарцы якога закрыты фігурнымі барочнымі франтонамі. Над галоўным фасадам узвышаецца чацверыковая вежачка-званіца з пластычным купалам. Да алтарнай сцяны прыбудавана пазнейшая квадратная ў плане апсіда. Нягледзячы на спрошчанае планіровачнае вырашэнне, архітэктура храма мае пластычны характар — валюты, слаістыя пілястры, тонкапрафіляваныя карнізы і развіты антаблемент, высока ўзнятыя лучковыя аконныя праёмы, конхавыя нішы-экседры са скульптурамі евангелістаў (не захаваліся).
У залу, перакрытую цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, праз арачны прасвет адкрываюцца хоры. Царква мела шанаваны абраз 1797 г. «Пакроў Маці Божай».
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 265.