Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у вёсцы Гарбачы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1875 годзе ў колішняй вёсцы Ляўшова з цэглы па праекце гродзенскага архітэктара Івана Калянкевіча. Па іншых звестках, узведзена ў 1860 годзе.
На 1899 год прыход царквы аб’ядноўваў 1698 вернікаў у 10 вёсках, дзейнічалі брацтва, царкоўная школа ў Мяньках, народнае вучылішча ў Ляўшове і з 1890 года — царкоўна-прыходскае апякунства. Царкоўнай зямлі налічвалася 74 дзесяціны 938 сажаняў. Прыход адносіўся да Ваўкавыскага благачыння.
Адкрыта пасля заняпаду ў 1988 — 90 гадах. Драўляная званіца, якая стаяла побач з царквой, не захавалася. У 2010 годзе будынку быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Да цэнтральнага кубападобнага аб’ёму па падоўжна планіровачнай восі далучаны прамавугольная трапезная і паўцыркульная апсіда. У цэнтры і па вугдах пакатага шатровага даху — цыбулепадобныя купалы на барабанах. Галоўны ўваход вылучаны кілепадобным франтонам. У архітэктурным дэкоры фасадаў — лапаткі, какошнікі, цягі, нішы, карнізы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл. — С. 115
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4