Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у в. Ласінцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.
== Гісторыя ==
Знаходзіцца каля могілак. Пабудавана ў 1862 г. з дрэва. Асобна пастаўлена двух’ярусная чацверыковая шатровая званіца, верхні ярус-звон якой адкрыты і апяразаны балюстрадай.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры класіцызму. Выцягнуты па падоўжнай восі зруб накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над пяцісценнай апсідай. Дах завяршаюць цыбулепадобныя галоўкі над апсідай і галоўным фасадам. Элемент асіметрыі ў кампазіцыю храма ўносіць бакавая рызніца пад 1-схільным дахам. З архітэктурнага арсенала класіцызму выкарыстаны паўцыркульныя архівольты і разныя з замкавым каменем ліштвы аконных праёмаў, вылучаныя на фоне вертыкальнай шалёўкі сцен. Храм мае 3 уваходы. Пры ўваходзе ў малітоўную залу размешчаны хоры.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.