Свята-Успенская царква — дзеючы стараверскі храм Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў цэнтры гарадскога пасёлка Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.
== Гісторыя ==
Першыя згадкі пра старавераў у Відзах адносяцца да канца XVIII стагоддзя. У 1907—1910 гадах быў пабудаваны новы храм паводле праекта архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага, асвечаны ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы.
У Відзах знаходзіцца найбуйнейшая стараверская супольнасць Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Браслаўскім раёне. Настаяцелем храма з 1996 года з’яўляецца айцец Іаан Пушкароў.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры мадэрна. Адметнасць храму надае выкарыстанне ў архітэктурнай кампазіцыі і дэкоры элементаў гэтага стылю. Прамавугольны ў плане будынак з пяціграннай апсідай накрыты двухсхільным дахам. З боку галоўнага фасада венчык прарэзаны трох’яруснай вежай (васьмярык на 2 чацверыках), завершанай цыбулепадобным купалам. Над алтарнай часткай — драўляны васьмігранны барабан з «цыбулькай». Працяглыя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах з лучковымі броўкамі і падаконнымі нішамі. Цаглянай муроўкай выкананы крапоўкі і элементы дэкору — вуглавыя лапаткі, прафіляваныя карнізы і цягі, а таксама паясок гарадкоў. Разбураную ў гады Першай сусветнай вайны паўднёвую сцяну аднавілі, і цяпер яе падпіраюць 2 бетонныя трохвугольныя контрфорсы. У інтэр’еры — абраз пачатку XIX стагоддзя «Святы Мікола Цудатворац».
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5. — С. 112—113
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 143
Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2001. — 328 с. — ISBN 985-11-0190-7. — С. 38.