Спаса-Праабражэнская царква, раней Свята-Увазнясенская капліца — мураваны праваслаўны храм у горадзе Валожыне Мінскай вобласці. Размешчана на пагорку ў цэнтры могілак, справа пры ўезде ў горад з боку Мінска.
Гісторыя
Пабудавана ў 1850 годзе з цэглы намаганнямі графа Тышкевіча як могілкавая каталіцкая капліца для касцёла бернардзінцаў. У 1885 годзе перададзена праваслаўным і 20 кастрычніка 1886 года асвечана ў гонар Ператварэння Гасподняга.
19 верасня 2008 года мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў храм.
Архітэктура
Храм вырашаны ў спрошчаных формах у выглядзе кампактнага прамавугольнага ў плане аб’ёму пад вальмавым дахам, завершаным над апсідай цыбулепадобным купалам на драўляным васьмігранным барабане. Па цэнтры франтальнага фасада выступае двух’ярусная чатырохгранная званіца (вуглы скруглены), шацёр якой завершаны макаўкай; па восі сіметрыі высокі ўваходны прамавугольны партал, над якім рэльефны крыж і квадратная ніша. Бакавыя фасады па восі сіметрыі расчлянёны арачнымі вокнамі-трыфорыумамі. Рудзіментам стылю барока з’яўляюцца валютныя заплечнікі па баках званіцы.
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.