
Свята-Узвіжанская царква — праваслаўны храм у в. Амелянец (Камянецкі раён). Помнік драўлянай архітэктуры неарускага стылю.
Размешчаны ў цэнтры вёскі, на месцы драўлянай царквы, спаленай 6 лютага 1925 г. Існуючы храм перавезены ў 1925 г. з Яблачынскага манастыра (Польшча).
== Архітэктура ==
Да крыжападобнага ў плане цэнтральнага зруба па падоўжнай восі далучаюцца трапезная з прытворам і пяцігранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Над прытворам узвышаецца чацверыковая званіца пад двухсхільным «церамным» з паўвальмамі дахам з заломам і цыбулепадобнай макаўкай у завяршенні. У сілуэце храма дамінуе вялікі васьмігранны светлавы барабан пад шатровым верхам з макаўкай, які кампазіцыйна падтрымліваюць вуглавыя цыбулепадобныя галоўкі асноўнага аб’ёму. Сцены храма зроблены ў вугол з «астаткам», прарэзаны шырокімі лучковымі аконнымі праёмамі, умацаваны вертыкальнымі вуглавымі і прасценачнымі брусамі-сцяжкамі. Галоўны ўваход аформлены ганкам пад 2-схільным пакрыццём на фігурных кранштэйнах, створаных выступамі брусоў зруба. У інтэр’еры двух’ярусны іканастас.
== Літаратура ==
Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].