Троіцкі манастыр базыльянак — колішні манастыр у Мінску, размешчаны на Старатраецкай плошчы па адрасе вул. М.Багдановіча, 2. Помнік архітэктуры класіцызму. Існаваў у XVIII — пачатку XIX стст.
== Гісторыя ==
Заснаваны ў 1630 г. Марынай Вяжэвіч на Траецкай гары (сучасная вул. М. Багдановіча) пры драўлянай царкве, якая вядомая з XV ст.. Мураваны манастырскі будынак быў узведзены ў 1799—1800 гг. (арх. Ф. Крамер). Пасля пажару 1809 г. манастырскі будынак быў адноўлены (арх. М. Чахоўскі), з усходу да яго прыбудаваная галерэя.
Дакладная дата закрыцця базыльянскага манастыра на Траецкай гары не вядома, але, відаць, гэта адбылося ў 1835 г. Вядома, што манашкі былі пераселены ў Мядзел. 15 мая 1835 г. быў праведзены вопіс манастырскіх будынкаў і паводле высачайшага распараджэння манастыр з пляцам перададзены Прыказу грамадскай апекі. 22 чэрвеня 1835 г. пасля неабходных рамонтных работ (арх. К. Хршчановіч) у мураваным двухпавярховым былым манастырскім корпусе размясцілася гарадская бальніца на 40 ложкаў.
== Архітэктура ==
Першапачаткова манастырскі корпус, узведзены ў 1799—1800 гг. арх. Ф. Крамерам, уяўляў сабой двухпавярховы, П-падобны ў плане, накрыты двухсхільным дахам будынак. Сіметрычны галоўны фасад быў падзелены карнізным поясам на два ярусы (ніжні апрацаваны рустам) і раскрапаваны трыма рызалітамі, завершанымі трохкутнымі франтонамі. Рытм фасадаў ствараўся прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у бакавых рызалітах завяршаліся сандрыкамі). Памяшканні перакрытыя крыжовымі, калідоры — цыліндрычнымі скляпеннямі. Інтэр’еры на першым паверсе ўсходняга крыла былі ўпрыгожаныя насценнай размалёўкай, некаторыя з фрэсак часткова захаваліся пад слоем пазнейшага пабелу. На поўнач ад манастыра знаходзілася брама-званіца.
Пасля пажару 1809 г. манастырскі будынак быў адноўлены (арх. М. Чахоўскі), з усходу да яго прыбудаваная галерэя.
Паводле плана, складзенага ў 1814 г., планавалася пабудаваць новую мураваную царкву, якая б злучалася з манастырскім корпусам галерэяй. З усходняга боку манастырскі корпус галерэяй злучаўся са службовым мураваным будынкам. Амаль перпендыкулярна да існуючага манастырскага корпуса праектавалася пабудаваць яшчэ адзін мураваны корпус. Тэрыторыя манастыра па праекце была абнесена драўлянай агароджай. Уздоўж агароджы па былой вул. Аляксандраўскай (сучасная вул. М. Багдановіча) і вул. Паліцэйскай (сучасная вул. Я. Купалы) размяшчаліся гаспадарчыя драўляныя будынкі. З боку р. Свіслач знаходзіўся агарод. Аднак цалкам гэты праект не быў рэалізаваны.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.