Уваравічы (археалагічны помнік) — гарадзішча і курганны могільнік каля г.п.Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Гарадзішча — 1 VII ст. да н.э. — I ст. н.э. мілаградскай і зарубінецкай культур. На паўднёвай ускраіне г.п. Уваравічы, ва ўрочышчы Гарадок, на мысе карэннай правабярэжнай тэрасы р. Уза. Пляцоўка падпрамавугольная памерам 65х67 м, вышынёй 8 м над поплавам. З трох бакоў умацавана валам, які захаваўся на вышыні да 2 м, шырынёй у аснове да 9 — 10 м, з усходу і захаду захаваліся сляды рова шырынёй да 2 — 3 м, глыбінёй да 1 м. Помнік вядомы з 1910 г. Даследаваў у 1988—1990 А. М. Драбушэўскі. Культурны пласт 1,2 — 1,3 м. Паводле стратыграфічных даных вылучаны 3 асноўныя будаўнічыя перыяды (верхні — зарубінецкі, 2 ніжнія — мілаградскія). Выяўлены рэшткі 5 пабудоў (2 з іх зарубінецкай культуры), некалькі дзясяткаў гаспадарчых і слупавых ям. Амаль у цэнтры пляцоўкі выяўлены сляды доўгага дома, аналагі яму вядомы ў юхнаўскай культуры Падзясніння, з уплывам якой звязаны знаходкі «рагатых цаглін» і некаторых форм глінянага посуду. Знойдзены рэшткі бронзаліцейнай вытворчасці — фрагменты домніц, тыгляў, льячак, ліцейных форм для бранзалетаў, кавалкі шлакаў і іншае. У адной з пабудоў выяўлены невялікі скарб бронзавых упрыгожанняў, у складзе якога была літая фігурка каня. Знойдзеныя матэрыялы сведчаць пра больш шырокі характар кантактаў насельніцтва Беларускага Падняпроўя і Падзясніння ў I-м тысячагоддзі да н.э., чым лічылася раней, і пра тое, што ў раннім жалезным веку гарадзішча з’яўлялася важным гандлёва-вытворчым цэнтрам Верхняга Падняпроўя.
Гарадзішча — 2. За 1 км на усход ад г.п. Уваравічы. Пляцоўка амаль квадратная, памер 90х80 м, з закругленымі вугламі і выпуклымі бакамі. Па ўсім перыметры насыпаны вал. З трох бакоў гарадзішча ўмацавана ровам глыбінёй 1 — 1,5 м, шырынёй 6 — 9 м, з 4-га боку балоцісты поплаў р. Уза. З боку поля поплаву — 8 — 9 м. Выявіў і абследаваў у 1893 г. Е. Р. Раманаў, абследаваў у 1976 г. Я. Г. Звяруга.
Курганны могільнік канец X — пачатак XII стст. 34 насыпы (раней было 150) вышынёй 0,5 — 1,7 м, дыяметрам 5 — 12 м. За 500 м на поўдзень ад гарадскога пасёлка, на левым беразе р. Уза. Адкрыў у канцы XIX ст. Е. Р. Раманаў, даследаваў у 1892 г. мясцовы настаўнік, у 1976 г. абследаваў Я. Г. Звяруга. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Знойдзены падвескі, нож, гліняны гаршчок, арабскія манеты 933 г. Датуецца канцом X — пачатак XII стст.
== Літаратура ==
Драбушэўскі, А. І., Макушнікаў, А. А. Уваравічы / А. І. Драбушэўскі, А. І. Макушнікаў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 623—624.
Дробушевский, А. И. Отчет об археологических исследованиях в Гомельской области в 1988 г. / А. И. Дробушевский; Академия наук Белорусской ССР, Институт истории. — Архив № 1088. — 12 с., [27] ил. + Кол. Опись (10 с.).
Дробушевский, А. И. Отчет об археологических исследованиях в Гомельской области в 1989 г. / А. И. Дробушевский; Академия наук Белорусской ССР, Институт истории. — Архив № 1141. — 34 с., [67] ил.
Дробушевский, А. И. Отчет отделу археологии Института истории АН БССР об археологических исследованиях в Гомельской области в 1990 г. / А. И. Дробушевский; Академия наук Белорусской ССР, Институт истории. — Архив № 1210. — 23 с., [65] ил. + Кол. Опись (10 с.)
Заметка, Е. Р. Романова о дополнительных археологических местонахождениях // Труды ВОМПК. — Вильна, 1893.
Романов, Е. Р. Археологический очерк Гомельского уезда (Могилевской губернии). — Вильна, 1910.