Віцебская ратуша — будынак другой паловы XVIII ст. ў стылі віленскага барока і класіцызму, сімвал самастойнасці і заможнасці Віцебска.
== Гісторыя ==
Па атрыманні Віцебскам Магдэбургскага права ў 1597 на тэрыторыі Узгорскага пасаду пачалося ўзвядзенне першай драўлянай ратушы. Аднак за ўдзел гараджан у паўстанні (1623) 22 студзеня 1624 Віцебск пазбавілі Магдэбургскага права, а будынак ратушы разабралі. Па вяртанні гарадскіх правоў у 1644 ратушу адбудавалі. Выява гэтага будынка змяшчаецца на «Чарцяжы горада Віцебска» (1664) часоў маскоўскай акупацыі.
Драўляная ратуша неаднаразова знішчалася пажарамі (1708, 1733, 1752). Пасля апошняга з іх пачалося ўзвядзенне мураванага будынка ў стылі віленскага барока, які скончылі ў 1775.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у будынку ратушы размяшчаліся паліцыя, суд, 2-і дэпартамент, гаўптвахта, пажарны двор. У 1833 улады Расійскай імперыі замянілі высокі шатровы дах вежы на назіральную пляцоўку з невялікай ратондай, адначасна на ёй усталявалі гадзіннік. У 1873—1875 адбылося змяненне ўнутранай планіроўкі будынка ў сувязі з пераездам сюды гарадской думы і паліцэйскай управы.
У 1911 на асноўны аб’ём ратушы надбудавалі трэці паверх (арх. Ціхан Васілевіч Кібардзін), у выніку чаго закрыўся ніжні ярус вежы і парушыліся прапорцыі. У 1984 у будынку праводзіліся рамонтныя працы, зорка на шпілі заменена на вятрак у форме карабля. У выніку праведзеных у гэты час археалагічных даследаванняў на тэрыторыі ратушы выявілі экзэмпляры каляровай кафлі, посуду, курыльныя люлькі, фрагмент пішчалі, мініяцюрную гармату-салютаўку (XVII ст.), выстралам якой суправаджаліся гарадскія ўрачыстасці. У 2005 годзе вежа была адкрыта ад пазнейшых надбудоў на ўзроўні трэцяга паверха. У наш час у будынку ратушы размяшчаецца Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
== Архітэктура ==
Першы драўляны будынак ратушы быў закладзены на тэрыторыі Узгорскага пасаду Віцебска перад рыначнай плошчай і выконваў ролю гр