Вілейская турма — колішняя турма ў Вілейцы.
== Архітэктура ==
Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з цокальным паверхам, накрыты двухсхільным вальмавым дахам. Сіметрычная кампазіцыя фасадаў парушана больш позняй прыбудовай. Прамавугольныя аконныя праёмы без ліштваў. Над цэнтральным уваходам — вялікае лучковае акно ў абрамленні двухслаёвай аркі. Фасады па вуглах дэкарыраваны руставанымі лапаткамі. Цокальны паверх аддзелены карнізам. Планіроўка калідорная, з двухбаковым размяшчэннем маленькіх, у асноўным на адно акно, памяшканняў. Сцены тоўстыя, раскрапаваны лапаткамі. Будынак — помнік грамадзянскай архітэктуры з элементамі класіцызму.
== Гісторыя ==
30 ліпеня 1846 года імператарам Мікалаем І быў зацверджаны «Нармальны праект турэмнага замка ў павятовых гарадах на 100 арыштантаў». Міністэрства ўнутраных спраў загадала Віленскаму генерал-губернатару ў першую чаргу замест зусім старых драўляных узвесці новыя мураваныя астрогі ў Дзісне і Вілейцы. Тлумачылася гэта тым, што існуючая ў Вілейцы турма была цалкам спарахнелая і цесная, нязручная ў размяшчэнні арыштантаў і ўжо не паддавалася рамонту. Вілейскія ўлады разабралі яе і рэшткі прадалі на дровы за 518 рублёў. Хутка быў зроблены праект новай турмы ці, як значылася ў гістарычных дакументах, — «Турэмнага замка» і складзены каштарыс на 49610 рублёў срэбрам.
Гэта быў першы каменны будынак у Вілейцы. «Турэмным замкам» яго называлі яшчэ і таму, што вакол была ўзведзена мураваная сцяна вышынёй 5-6 метраў.
Пачынаў будоўлю астрога віленскі купец 1-й гільдыі Хаім Англін, а пасля яго смерці заканчвала работы павераная калежская дарадчыца Юзэфа Шкульцецкая. Пазней суму, патрэбную на будаўніцтва вілейскай турмы зменшылі да 45232 рублёў. З-за недахопу грашовых сродкаў будаўніцтва камяніцы на Нароцкай вуліцы (зараз — вуліца 1 Мая), паміж горадам і прыватнымі гарадскімі могілкамі, пачалося толькі 16 красавіка 1854 года і доўжылася на працягу трох гадоў. Але, поўнасцю будаўнічы каштарыс быў зачынены толькі 30 лістапада 1863 года, у сувязі з капаннем новага і засыпкай старога калодзежа на тэрыторыі турмы.
Перш, чым засяліць арыштантаў новы будынак асвяцілі 15 (27) студзеня 1857 года. У той жа год, напачатку чэрвеня, праз Вілейку па рацэ Віліі праплывала навуковая экспедыцыя графа Канстанціна Тышкевіча. Будынак турмы не застаўся незаўважаным:
=== Вілейская гарадская турма Міністэрства юстыцыі ===
У выніку пабудовы новага турэмнага комплексу змянілася ўся сістэма ўтрымання зняволеных у Вілейцы. Іх больш не ўтрымлівалі ўсіх разам, а падзялілі на тры катэгорыі – у адпаведнасці з цяжкасцю здзейсненых злачынстваў. Таксама зняволеных падзялялі па полу і ўзросце. Была і так званая «прывілеяваная» катэгорыя зняволеных, да якой адносіліся арыштаваныя з высакародных слаёў насельніцтва. Сродкі на ўтрыманне турмы браліся з розных крыніц. 2 лютага 1848 года ў Віленскай губерні быў устаноўлены асобы земскі збор на 12 гадоў на абсталяванне будынкаў для дзяржаўных устаноў і турмаў. Таксама, акрамя выдзялення грошай з казны, зняволеных адпраўлялі на працы, у тым ліку і здавалі ў наём прыватным асобам.
На першым паверсе турэмнага будынка месціліся 6 адзіночных камер, 8 камер для зняволеных па судоваму прыгавору нязначных злачынцаў з дваран і простых людзей, перасыльных арыштантаў, а таксама лазарэт і рэтырады (умацаванае месца на час ваенных дзеянняў, а ў мірны час частка памяшкання выкарыстоўвалася для прыбіральні). На другім паверсе былі камеры, падобныя на камеры першага паверха для арыштантаў-жанчын, лазарэт, аптэка і зноў рэтырады.
Пры турэмным замку быў і святар, які займаўся асветай кантынгенту па Закону Божаму. На турэмнай тэрыторыі размяшчаліся кватэра наглядчыка, лазня, лядоўня, адзінокія двары. У падвале астрога знаходзіліся пральня, гаўптвахта, кватэра вартаўнікоў, кладоўкі, ванна, кухня, пякарня, пакой для прыёму арыштантаў. У 1896 годзе тут была арганізавана бібліятэка з літаратурай «духоўна-маральнага зместу», для якой з моманту заснавання закупілі 471 кнігу.
Звычайная камера была невялікая: сем крокаў у даўжыню і тры ў шырыню. Жалезны ложак прыкаваны да сцяны, на ім – саламяны матрац, падушка, дзве прасціны з коўдрай.
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя вілейская турма была паўпустая. Толькі ў гады нацыянальна-вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага 1863—1864 гадоў турма даволі хутка папаўнялася. Затым актыўна яна пачала папаўняцца ў гады рэвалюцыі 1905—1907 гадоў, калі сюды дастаўляліся арыштанты (удзельнікі Даўгінаўскага бунту, агітатары, распаўс