Шыфр : 412Г000014
Датаванне : XVIII стагоддзе, першая чвэрць – другая палова ХІХ стагоддзя, 1793 і 1902 гады
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Замкавая_вуліца_(Гродна)

За́мкавая ву́ліца — адна з самых старых гарадскіх вуліц у цэнтры горада Гродна. З’яўляецца адным з сімвалаў горада. Працягласць каля 360 м, ад плошчы Савецкай да тэрыторыі Новага і Старога замкаў, ад якіх і пайшла назва вуліцы. З’яўляецца адзінай вуліцай у Беларусі, на якой знаходзяцца адразу два каралеўскія замкі.

На вуліцы размешчаны архітэктурныя помнікі розных эпох: пачынаючы ад Старажытнарускага перыяду і заканчваючы пачаткам XX стагоддзя. Вуліца зведала на сабе ўсе выпрабаванні і ліхалецці, якія выпалі на долю горада, яе забудова шмат разоў разбуралася і аднаўлялася. У XVII стагоддзі адбыўся росквіт вуліцы, на ёй было не менш, чым 7 палацаў магнатаў тагачаснай Рэчы Паспалітай. Вуліца паспяхова перанесла дзве сусветныя вайны, аднак найбольшыя страты панесла ў мірны час, калі савецкімі ўладамі была знесена самая старая і каштоўная забудова цотнага боку вуліцы, а таксама ўзарваны самы высотны на той час будынак у горадзе — Фара Вітаўта.
Вуліца пачынаецца ад Савецкай плошчы, з абодвух бакоў месцяцца скверы. Далей да скрыжавання з вуліцай Д. Гарадзенскага з абодвух бакоў ідзе шчыльная двух і трохпавярховая забудова 19 стагоддзя, большасць дамоў маюць уязныя аркі. Паміж дамамі № 5 і 7 праходзіць завулак, які раней меў назву «Цесны», а цяпер безназоўны. Скрыжаванне з вуліцай Д. Гарадзенскага рэгулюецца светлафорам, на скрыжаванні стаіць будынак пажарнага дэпо. Далей шлях да Новага і Старога Замкаў толькі пешы, дазволены рух асабістага транспарту на з’ездзе да Нёмана. Вуліца заканчваецца высокім ярам над Нёманам, Стары замак злучаецца з вуліцай арачным мастом.

== Гісторыя ==
З XII ст. ад дзяцінца да гандлёва-рамеснага пасада вяла дарога, у XIV-XV стст. яна звязвала Верхні і Ніжні замкі з рынкам (зараз Савецкая плошча) і Смаленскім гасцінцам. Замкавая вуліца ўпамінаецца ў грамаце Вітаўта гарадзенскім яўрэям у 1389. Хоць дакумент прызнаны фальсіфікатам, але па дадзеных валочнай памеры 1560 яўрэі сапраўды жылі на пачатковым адрэзку вуліцы. Ва «Увалочным вымярэнні Горадна» гэта вуліца мае асноўную назву «вуліца Яўрэйская з рынка да замка», і дадатковую — «Вялікая Замкавая». Апошняя назва захавалася за вуліцай, і з тых часоў назва практычна не мянялася.
На думку даследчыка Ю. Кішыка вуліца Замкавая ў XII-XV стст. пачыналася ад замка і накіроўвалася ў бок Рынку, аднак не даходзіла да яго, а заканчвалася каля трасы другой лініі абарончых умацаванняў. Пасля перепланіроўкі горада, праведзенай вялікай княгіняй Вялікага Княства Літоўскага Бонай Сфорца паміж 1533 і 1541, вуліца была пашырана, працягнута і плаўнай дугой выведзена на Рынак акурат пасярэдзіне яго заходняга боку, нібы на працягу восі вуліцы Язерскай.
У 14 ст. князь Вітаўт у пачатку вуліцы заснаваў драўляны касцёл, які пры каралю Стэфане Баторыі быў перабудаваны ў каменны.

У 16 ст. абарончае значэнне старых умацаванняў змяншаецца і да вуліцы паступова пераходзіць функцыя камунікацыйнай артэрыі, што звязвала замак з галоўным рынкам горада. У 1560 тагачасная «Вялікая Жыдоўская» разам з суседнімі вуліцамі «Жыдоўская Цесная» і «Жыдоўская школьная» была забудавана невялікімі драўлянымі і фахверкавымі дамамі, якія засялялі галоўным чынам яўрэі. Па левым боку вуліцы, рухаючыся ад рынка, у сярэдзіне 16 ст. пляцамі валодалі: каралеўскі намеснік Леў Міхайловіч, Адам Мышковіч, Мошка і Мардухай Дактаровічы, Ахрон, Абрам і Пешах Схудзічы, Ждрах і Абрам Хадасковічы. Прычым «Увалочнае вымярэнне» асобна адзначае два будынкі: «двор Замкавы» і «дом пусты Адама Мышковіча». Правы бок вуліцы займалі шэсць яўрэйскіх і адзін плябанскі пляцы, дзе стаяў закладзены Вітаўтам драўляны фарны касцёл. У цэлым на вуліцы было 17 забудаваных участкаў.

У 80-ых гг. XVI ст. Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу для караля Стэфана Баторыя.
У XV-XVI ст. у канцы вуліцы каля сучасных дамоў № 17, 19 існавала Малая Царква і кляштар. Яны былі разрабаваны расійскімі войскамі ў 1665 годзе і апошні раз згадваюцца ў 1679 годзе. У 1643 ужо стаяў палац і камяніца князя М. Масальскага (сучасны дом № 5). У 1680 тут стаялі пятнаццаць яўрэйскіх камяніц, сядзіба гpoдзенскага войта Стэфана Яўстафія Александровіча, двор Палубінскіх і пляц віленскага біскупа. Пры Жыгімонце II Вазе «двор Замкавы» перабудаваны ў трохпавярховы «палац гродзенскага ландвойта» (магчымы архітэктар — Санці Гучы). Забудова вуліцы была разнастайнай: дамы будаваліся з дрэва і цэглы («прускі мур» або фахверк), або былі цалкам цагляныя. Дахі крыліся плоскай чарапіцай, або гонтам.
Значэнне Замкавай вуліцы значна ўзрасло пасля 1673 года, калі было абвешчана пра намер праводзіць кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай у Гродне. Магнаты актыўна пашыраюць палацавае будаўніцтва: да пажару 1753 на вуліцы было не менш за 7 магнацкіх палацаў: Масальскіх, Храптовічаў, Сіняўскіх, Сасноўскіх і інш.
Даволі цікавае апісанне сучаснікамі раскошы падчас сеймаў Рэчы Паспалітай:
«Сто, восемьдзесят, пяцьдзясят шляхцічаў на цудоўных, багата прыбраных рысаках суправаджаюць кожны экіпаж. Каляскі блішчаць ад пазалоты, унутры абіты шоўкам. Кароль едзе на раскошнай шасцёрцы коней, акружаны натоўпам гайдукоў, лаўфераў, карлікаў, неграў, пешых і слуг на конях, за імі рухаецца каля 60 карэт. Навокал шумна і цесна. Ва ўнутраным замкавым двары пустыя карэты стаяць па абодвух баках у вялікай колькасці, што здаецца дзіўным у такім вялікім натоўпе. Тыя, што не памясціліся на ўнутраным двары, месцяцца на знешнім, дзе бачны тысячы коней, прывязаных к слупам. Пад вечар магнаты вяртаюцца дадому, перад імі ідуць служкі, трымаючы пылаючыя факелы, абсыпаючы жарам драўляныя сцены дамоў. У горадзе багацце золата, срэбраныя грошы сустракаюцца рэдка..»У 1753 годзе ў горадзе адбыўся моцны пажар, які значна пашкодзіў «элітную» вуліцу. Тады гарадзенскі стараста Антоній Тызенгаўз выкупіў «пустыя муры» палаца Храптовічаў для пабудовы палаца Ляхніцкіх. Абнавіўся і палац Масальскіх. Сцены дамоў тынкаваліся, упрыгожваліся ляпнінай, з’яўляліся ажурныя гаўбцы, праезная частка брукавалася каменем. У XVII-XVIII стст. вуліца шчыльна забудавана, выбрукавана камнем, тут знаходзіўся рыбацкі цэх.

У 1742 г. адмыслова для пасяджэнняў Соймаў Рэчы Паспалітай па праекту саксонскага архітэктара Карла Фрыдрыха Пепельмана быў збудаваны Новы замак. У Новым замку ў 1793 прайшло гістарычнае «нямое» пасяджэнне Сойма, якое зацвердзіла другі падзел Рэчы Паспалітай. У лістападзе 1795 у Новым замку апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паставіў свой подпіс пад тэкстам адрачэння.
Забудова вуліцы ў XIX ст. была цалкам каменнай. Пажары 1780, 1782, 1783 годоў не закранулі вуліцу. Пачынаючы з 1795 і да пажару 1899 года забудова вуліцы амаль не змянілася акрамя Фары Вітаўта, якую ў 1809 годзе перарабілі ў Сафійскі сабор.

Пажары 1892 і 1899 моцна змянілі характар забудовы вуліцы, якая з большага набывае сучасны выгляд. Пасля пажару быў пабудаваны дом для гродзенскага праваслаўнага брацтва (сучасны дом № 3), трохпавярховы асабняк стацкага саветніка Харчанкі (дом № 9). На месцы згарэлага флігеля каралеўскіх стайняў з’явіўся жылы будынак, які там знаходзіцца і цяпер. У 1902 годзе насупраць палаца Храптовічаў была пабудавана пажарная каланча, рашэнне аб яе будаўніцтве у горадзе было прынята пасля знішчальных пажараў. Каля каланчы захаваўся флігель каралеўскіх стайняў. Уладальнік тытунёвай фабрыкі Шарашэўскі заклаў падмуркі пад новыя будынкі на левым боку вуліцы (сучасныя дамы № 12, 14). Узводзяцца дом саветніка Анцылевіча, дом Харчанкі, перабудоўваецца ў псеўдарускім стылі Сафійскі сабор. У канцы XIX — пачатку XX ст. вуліца складалася з двух- і трохпавярховых атынкаваных камяніц, асноўная частка даху накрывалася бляхай, з’яўляюцца літыя і каваныя балконы.

У 1910 дамамі па вул. Замкавай валодалі: № і — Сафійскі сабор;№ 2 — Замкоўскі;№ 3 — праваслаўнае брацтва;№ 4 — (скрыжаванне з вул. Манастырскай) — Шылінгаў; № 5 — (скрыжаванне з вул. Мясною) — дом праваслаўнага духавенства;№ 6 — (скрыжаванне з вул. Манастырскай) — Эпштэйн;№ 7 — (скрыжаванне з вул. Мясною) — Вальфсон; № 8 — Эпштэйн;№ 9 — Харчанка;№ 10 — Лапінер;№ 11 — Сакало;№ 12 — Шарашэўскі;№ 13 — (скрыжаванне з зав. Пажарным) — Рабіновіч;№ 14 — С.-Пецярбургскі (былы Тульскі) пазямельны банк; № 15 — (скрыжаванне з зав. Пажарным) — Анцулевіч;№ 16 — (скрыжаванне з зав. Прачачным) — казармы вайсковага лазарэта;№ 17 — (скрыжаванне з зав. Замкавым) — пажарная каманда; № 18 — лазарэт;№ 19 — Стары замак.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў раёне вуліцы Замкавай знаходзілася яўрэйскае гета, у якім было знішчана 29 тысяч чалавек. У памяць аб гэтым на доме № 7 усталявана мемарыяльная дошка.
Гістарычная забудова вуліцы, нягледзячы на некаторыя пашкоджанні у ваенны час, у цэлым захоўвалася да 1958, калі быў канчаткова разабраны так званы «Замкавы двор» і на яго месцы пабудаваны Палац Тэкстыльшчыкаў. Пазней на левым боку вуліцы былі знесены практычна ўсе забудовы аж да Манастырскага завулка. Тады назаўсёды зніклі каменныя буд

Шыфр : 412Г000014
Датаванне : XVIII стагоддзе, першая чвэрць – другая палова ХІХ стагоддзя, 1793 і 1902 гады
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Замкавая_вуліца_(Гродна)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.