
Замак каралевы Боны — традыцыйная назва палаца, які існаваў у 2-й палове XVI — 1-й палове XX ст. у Рагачове. Сапраўдная дата пабудовы невядомая. У ХІХ ст. выкарыстоўваўся як правіянцкі склеп.
Архітэктура


Мураваны двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак памерамі 21х14 м быў накрыты вальмавым дахам. Вуглы ўмацаваныя магутнымі контрфорсамі, якія па вышыні даходзілі да сярэдзіны другога паверху. У аздабленні фасадаў былі выкарыстаныя элементы рэнесанснай ордарнай пластыкі[1].
Ніжні паверх, які прызначаўся для службовых пакояў, складалі чатыры аднолькавыя па памерах прамавугольныя ў плане памяшканні, аддзеленыя адно ад аднаго ўзаемна перпендыкулярнымі калідорамі[2]. Залы злучаліся з бакавымі калідорамі шырокімі арачнымі праёмамі[1]. Кожнае памяшканне было перакрыта парай крыжовых скляпенняў, а калідоры — цыліндрычныя. У верхнім паверсе было два вялікіх пакоі.


Найбольш цікавы элементы гэтага будынка — двух’ярусная галерэя-вестыбюль, якая праходзіла з поўдня на поўнач уздоўж галоўнага фасада, звернутага да Дняпра. У сярэдняй частцы галерэя была адкрытай і нагадвала лоджыі італьянскіх рэнесансных палацаў. Яе аздабляла ажурная цыркульная аркада на тонкіх слупах, а ў інтэр’еры — пілястры. У галерэі знаходзілася адкрытая знадворку лесвіца, якая звязвала абодва паверхі[2].
Зноскі
- ↑ Угару да:а б в Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
↑ Угару да:а б в Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.