Крыўлянскі замак — колішні замак каля в. Крыўляны (Жабінкаўскі раён), які існаваў у XVII — пачатку XVIII ст. Пабудаваны ў забалочанай мясцовасці. Належаў князям Чартарыйскім.
== Архітэктура ==
Меў блізкі да прамавугольніка план (плошча каля 11 га), быў умацаваны земляным валам (шырыня 7—8 м, вышыня каля 4 м), бастыёнамі, ровам (шырыня 13—15, глыбіня да 4 м). З паўночна-заходняга боку быў абведзены дадатковым вадзяным ровам. Уезд у замак размяшчаўся з паўднёвага ўсходу. У паўднёва-заходняй частцы на ўзвышэнні стаяла драўляная вежа, каля якой была сажалка, абнесеная высокім земляным валам і злучаная з рэчкай. У комплекс уваходзілі таксама драўляны палац, жылыя і гаспадарчыя пабудовы.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8). — С. 523.