Качановічы, мясцовыя назвы Замкавішча або Багумілле — археалагічны комплекс за 2,2 км на паўночны ўсход ад цэнтра (скрыжыванне Р107 і H8569) вёскі Качановічы Нясвіжскага раёна, ва ўрочышчы Гарадзішча. Помнік позняга перыяду культуры штрыхаванай керамікі (IV—V ст.) і сярэднявечча (XI—XVI ст.).
== Апісанне ==
Комплекс складаецца з уласна гарадзішча Замкавішча, селішча і курганнага могільніка.
Пляцоўка гарадзішча памерам 35,5×64 м. Заходні бок умацаваны валам (цяпер прасочваецца толькі ў паўднёва-ўсходнім куце), з поўдня была абмежавана возерам і моцна забалочанай поймай безназоўнага ручая (цяпер асушанае балота з торфараспрацоўкамі). Побач селішча XI—XVI ст. плошчай 4 га. Курганны могільнік X—XIII ст. не захаваўся.
На думку А. Мяцельскага, комплекс — рэшткі старажытнага Нясвіжа, цэнтра воласці Клецкага княства, у XV ст. перанесенага на Ушу.
== Даследванні ==
Гарадзішча адкрыта У. С. Астапавым у 1951 годзе. У 1953 годзе даследавана А. Р. Мітрафанавым на плошчы 48 м².Культурны пласт 1,4 м, моцна пашкоджаны пазнейшымі пахаваннямі. А. Мітрафанаў выявіў у культурным пласце два слоі. У ніжнім знойдзены матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі (IV—V ст.) — абломкі рабрыстых слоікавых гаршкоў, гліняныя прасліцы. У верхнім — матэрыялы XI—XVI ст., але большасць з іх XII—XV ст. — рэшткі ганчарнага посуду XI—XII ст., жалезны нож для жніва, дзяржанне сярпа, ключы, чатырохгранны наканечнік стралы, фрагмент амфары. Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым музеі.Побач размешчана селішча плошчай 4 га. Шурфоўкай В. Пазднякова ў 1992 годзе выяўнены матэрыял XI—XVI ст., большасць з яго XII—XV ст.Курганны могільнік X—XIII ст., вядомы яшчэ на пачатку XX ст. і адзначаны Г. Штыхавым, да цяперашняга часу не захаваўся.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].