Навіны

У Лагойску зносяць стайні пры сядзібе Тышкевічаў. Мясцовыя ўлады марылі пра гэта некалькі гадоў

Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Скрыншот відэа тэлеграм-канала «Лагойская манюка».

Відэа са зносам колішняй гаспадарчай пабудовы апублікаваў тэлеграм-канал «Лагойская манюка». На тэрыторыі былой рэзідэнцыі Тышкевічаў бульдозеры руйнуюць гістарычны будынак, які называюць «баракам», а яго драўляныя часткі спальваюць.

Выцягнуты будынак стайняў (54х11 м) размешчаны ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак лядоўні.

Вялікі палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны быў пабудаваны графам Піем Тышкевічам у 1814—1819 гадах у духу навамоднага ампіру. У 1842 г. у лагойскім палацы браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музей старажытнасцей, унікальную калекцыю якога пасля вывезлі ў Вільню. За савецкім часам сутарэнні палаца выкарыстоўвалі як вязніцу органы НКУС, а ў канцы вайны будынак падарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.

Паводле меркавання супрацоўнікаў мясцовага музея, да якіх звярнуліся аўтары канала, сцены і крыццё стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Быццам бы з часоў Тышкевічаў захаваўся толькі падмурак будынка, які не будуць зносіць і закансервуюць.

Аднак спецыялісты, да якіх звярнуліся журналісты па каментарый, адзначылі, што знос хутчэй за ўсё — самадзейнасць мясцовых уладаў, якія хочуць прыбраць з цэнтра горада непрывабны будынак, які сапраўды стаў нагадваць барак пасля таго, як яго прыстасавалі пад жытло.

За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс Карты

За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс КартыГэта стала магчымым, бо юрысты Міністэрства культуры ў апошнія гады дамагліся таго, каб рашэнні па работах на ўсіх помніках 3-катэгорыі, да якіх належыць і сядзіба ў Лагойску, прымаліся мясцовымі чыноўнікамі, а не спецыялістамі профільнага ведамства.

У маі 2024 года Міністэрства культуры змяніла склад сядзібы Тышкевічаў, замяніўшы «будынак былой стайні» на «рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні». Гэта было зроблена на падставе рашэння навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры, але чым кіраваліся яе члены і хто быў ініцыятарам, невядома.

Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Фота: тэлеграм-канал «Лагойская манюка».

На думку спецыялістаў, заявы пра адсутнасць гістарычнай каштоўнасці ў будынка выглядаюць сумнеўнымі.

Па-першае, ніякіх заўваг у сваёй манаграфіі «Старинные усадьбы Минского края» пра аўтэнтычнасць будынка не робіць Анатоль Федарук, вядомы даследчык сядзібнай і паркавай архітэктуры, які б дакладна заўважыў, калі б будынак быў навабудам.

Фрагмент схемы зон аховы сядзібы. 3 — будынак стайні, 4 — лядоўня, 2 — фрагмент палаца.

Па-другое, у 2016 годзе спецыялісты «БелНДІПгорадабудаўніцтва», якія маюць пасведчанне на навуковае кіраўніцтва на гісторыка-культурных каштоўнасцях, вывучылі сядзібу і склалі яе зоны аховы, таксама не заўважыўшы ніякага падвоху са стайняй. Праект быў распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.

Па-трэцяе, на карысць гістарычнасці будынка сведчыць сам яго характар. Гэта будынак, пабудаваны ў тэхніцы «ў шулах», калі бярвенні закідаліся ў пазы вертыкальных мураваных слупоў. Такая тэхніка вельмі распаўсюджана ў сядзібным будаўніцтве XIX — пачатку XX стагоддзя, але зусім нехарактэрная для калгаснага савецкага будаўніцтва.

Руст на слупах шулах можа казаць пра тое, што не толькі падмурак будынка быў аўтэнтычным.

Самі слупы таксама звяртаюць на сябе ўвагу сваёй дэталіроўкай, пра якую б не задумваліся савецкія будаўнікі. На фота, дзе ў час дэмантажу з іх адляцелі кавалкі тынку, бачны не толькі рэшткі карнізных паяскоў, але і рустоўка — дэкаратыўная імітацыя вялікіх каменных блокаў.

Цяжка ўявіць, што на гаспадарчай пабудове ці жылым «бараку» ў невялікім райцэнтры рабілі б рустоўку за савецкім часам.

Акрамя таго ў праекце зон аховы на тэрыторыі, дзе стаіць будынак стайні, не прапісаны дазвол на дэмантаж чаго-небудзь. Але няма і прамой забароны. Відаць, карыстаючыся гэтай няпэўнасцю, мясцовыя чыноўнікі самі сабе дазволілі дэмантаж графскіх стайняў.

Усё, што засталося ад палаца Тышкевічаў у Лагойску. Падножжа працягвае разбураць эрозія, але, здаецца, чыноўнікам няма да гэтага аніякай справы. Фота: Яндэкс Карты

Таксама тэлеграм-канал «Спадчына» нагадаў, што яшчэ ў 2021 годзе свядомыя грамадзяне, заўважыўшы занядбаны стан стайняў былога палаца Тышкевічаў у Лагойску,  патэлефанавалі на гарачую лінію райвыканкама. У выканкаме паведамілі, што хочуць знесці будынак, за што даўно змагаюцца з Міністэрствам культуры, бо не бачаць у ім нічога каштоўнага. Цяпер, відаць, мясцовыя чыноўнікі дамагліся ад Мінкультуры таго, пра што марылі ўжо некалькі гадоў.

Грошы на знос будынка, які стаяў у цэнтры горада і нікому не замінаў, чыноўнікі знайшлі. А на тое, каб умацаваць два апошнія фрагменты палаца Тышкевічаў, чые падножжы ўжо моцна разбурыла эрозія, а значыць, што ў хуткім часе можа не стаіць і іх, не.

26 снежня 2024Comments Offгаспадарчыя пабудовы | знішчэнне | Лагойск | стайні | Тышкевічы
У Полацку ў час рэканструкцыі пажарнай часці знішчылі фасад, які абяцалі зберагчы

На новых фотаздымках з цэнтра горада бачна, што замест гістарычнай фасаднай цяпер узводзяць з цэглы цалкам новую. Пажарная часць па вуліцы Энгельса, 8, якая была перабудаваная з былой махорачнай фабрыкі Рыўліна, сёння ўтварае невялікі квартал у цэнтры горада.

Будынак з’яўляецца часткай гістарычнага цэнтра Полацка, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. У канцы 2023 года яго пачалі рэканструяваць.

На сайце райвыканкама была апублікавана справаздача аб ацэнцы ўздзеяння аб’екта на навакольнае асяроддзе. Там гаварылася, што будынак, дзе размешчана пажарная частка, непрыдатны для далейшай эксплуатацыі: па выніках абследавання, 75% будынкаў падлягае зносу. Большасць унутраных сцен у выніку была знесена, станам на вясну 2024 года ад крыла ўздоўж вуліцы Энгельса заставалася толькі адна фасадная сцяна, якая была ўзятая ў металічны каркас. Але ў выніку знеслі і яе.

16 снежня 2024Comments Offгістарычная забудова | знішчэнне | пажарныя часці | Полацк | рэканструкцыя
Прывялі да ладу старыя каталіцкія могілкі на Серафінавай гары пад Рудзенскам

Католікі з Мар’інай Горкі і Рудзенску прывялі ў парадак могілкі на Серафінавай гары каля вёскі Суцін Пухавіцкага раёна. Гэта сапраўдная па беларускіх мерках гара, паміж вяршыняй, на якой знаходзяцца могілкі і калісьці стаяў драўляны касцёл Святога Антонія, і ракой Талькай, якая яе агібае, каля 30 м перападу (9-павярховы дом).

Актывісты расчысцілі старыя каталіцкія надмагіллі, намалявалі нанова літары на іх, у тым ліку надмагіллі Уладзіслава Азямблоўскага (пам. 1900) і Казіміра Аколава (1847-1914).

Тэхнікай выцягнулі велізарны камень, які, як кажуць, ляжаў каля касцельнай сцяны. Гэта надмагілле Антонія Рудзіцкага, суддзі Барысаўскага павета, які памёр ў 1851 годзе ва ўзросце 85 гадоў, і ягонай 22-гадовай дачкі Станіславы з Рудзіцкіх Бербашовай (1832-1854).

16 снежня 2024Comments Offаднаўленне | каталіцкія могілкі | могілкі | Суцін
У 2024 годзе ў Дзяржаўны спіс дадалі рэкордна малую колькасць помнікаў архітэктуры

Як піша тэлеграм-канал «Спадчына», з цэлага шэрагу матэрыяльных нерухомых каштоўнасцей, якімі ўлады ў красавіку абяцалі папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў цягам 2024 года, у выніку амаль нічога не было ўключана.

У Гомельскай вобласці абяцалі дадаць у Дзяржспіс руіны царквы ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна, месца былога замка Сапегаў у вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна, у Гродзенскай – будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра і гістарычную частку Слоніма, у Магілёўскай – дапоўняць яшчэ 15 будынкамі новаствораны гістарычны цэнтр Бабруйска, у Віцебскай – касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф’янаве Докшыцкага раёна, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў стылі неабарока, і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1824 года ў неараманскім стылі ў Браславе.

Толькі адзін аб’ект, дом па праспекце Незалежнасці, 27А ў Мінску, сапраўды ў маі 2024 года набыў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта адзіны будынак, які застаўся ад Юр’еўскай вуліцы.

Дом па праспекце Незалежнасці, 27А ў Мінску

Таксама ахоўны статус быў прысвоены таксама рэшткам касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна, пра які ў красавіку ўлады не згадвалі.

Атрымліваецца ўсяго 2 помнікі архітэктуры за год — рэкордна нізкі паказчык за ўсе гады. «Спадчына» справядліва задаецца пытаннем: а хто вінаваты?

Рэшткі касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна

Рэшткі касцёла Унебаўзяцця Прасвятой Дзевы Марыі ў вёсцы Дубрава Маладзечанскага раёна

7 снежня 2024Comments Offахова | гістарычная забудова | Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей | Дубрава | касцёлы | Мінск
Сядзібу Грабніцкіх у Арэхаўне забралі ў былых уласнікаў і зноў прадаюць за бесцань

Папярэдні гаспадар не здолеў нічога зрабіць з гістарычнай сядзібай XIX стагоддзя. Цяпер сядзібны дом у Арэхаўне Ушацкага раёна зноў выстаўлены на продаж, пра гэта паведамляе «Віцебскаблмаёмасць».

Сядзіба была пабудавана ў 1840-я прадстаўнікамі роду Грабніцкіх у стылі позняга класіцызму. Апошнімі яе ўладальнікамі перад рэвалюцыяй сталі сыны знакамітага батаніка Адама Грабніцкага-Дактаровіча. Уезд у сядзібу ўпрыгожвала ліпавая алея, сонечны гадзіннік і маляўнічы парк са скульптурамі. У маёнтку Грабніцкіх працавалі палатняная фабрыка, паравы млын, бровар, кузня і конезавод. У 1917 годзе ўладальнікі былі вымушаныя пакінуць сядзібу, дом і гаспадарчыя памяшканні былі разрабаваныя. У 1943-1944 гадах у сядзібным доме размяшчаўся шпіталь 2-й Ушацкай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, пасля вайны — школа. У 1998 годзе будынак на беразе возера Арэхаўна зноў апусцеў і хутка прыйшоў у заняпад: з яго вынеслі ўсё, аж да батарэй і аконных рам.

З 2014 года гісторыка-культурную каштоўнасць безвынікова спрабавалі прадаць за некалькі дзясяткаў тысяч еўра. У ліпені 2020 годзе сядзібу Грабніцкіх нарэшце выкупіла ўсяго за 28,35 рубля прыватнае прадпрыемства «Азёры-Агра», зарэгістраванае ў Мінску, якое займаецца сельскай гаспадаркай і спецыялізуецца на раслінаводстве.

У планах было ўзнавіць ранейшыя інтэр’еры будынкі, сабраць артэфакты для музея, уладкаваць кафэ для гасцей комплексу, але ажыццявіць задуманае не атрымалася.

У 2021 годзе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да Генеральнай пракуратуры, бо будаўніча-мантажныя і зямельныя працы на сядзібе ў Арэхаўне праводзіліся без узгодненай навукова-праектнай дакументацыі і без зацверджанага праекта зон аховы, што з’яўляецца парушэннем закону.

Галоўнай умовай аўкцыёнаў па продажы гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляецца тое, што новы ўласнік павінен правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы за некалькі год. Улетку 2024 года адведзены на гэта чатырохгадовы тэрмін мінуў, а сядзіба нават не наблізілася да аднаўлення.

Сядзіба Грабніцкіх вярнулася ў дзяржаўную ўласнасць. Яе зноў хочуць прадаць за адну базавую велічыню — цяпер гэта 40 рублёў. Пры гэтым «Віцебскаблмаёмасць» ацэньвае рынкавы кошт нерухомасці ў 301 000 рублёў. Ацэнка праводзілася яшчэ ў пачатку вясны. Па ўмовах продажу пакупнік павінен будзе аднавіць сядзібу за тры гады.

7 снежня 2024Comments OffАрэхаўна | аўкцыёны | Грабніцкія | сядзібы
У Мінску ідзе рэканструкцыя будынка Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна

Рэканструкцыя будынка па Сухой вуліцы, 25 у Мінску. Фота: тэлеграм-канала «Спадчына»

Рэканструкцыя будынка па Сухой вуліцы, 25 у Мінску. Фота: тэлеграм-канала «Спадчына»

 

У Мінску ідзе рэканструкцыя будынка па вуліцы Сухой, 25, дзе ў час акупацыі знаходзілася схованка, так званая «маліна», для вязняў Мінскага гета.

Сёння тут Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна. У 2021 годзе «Творчая майстэрня архітэктара Левіна Л.М.» прадставіла на грамадскае абмеркаванне канцэпцыю рэканструкцыі Гістарычнай майстэрні па вуліцы Сухой. Будынак даўно быў аварыйны, і ў частцы яго ўвогуле забаранялася хадзіць з-за небяспекі абвальвання падлогі.

Канцэпцыя рэканструкцыі, распрацаваная архітэктарамі Левінай, Капыловым і Лукічовай, прадугледжвала знос пасляваенных прыбудоў да будынка канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Замест іх мусіла ўзнікнуць прыбудова са шкла і каменю, якая б значна пашырыла плошчу Гістарычнай майстэрні. Сцены новай прыбудовы запраектавалі нахіленымі, каб эмацыйна было адчуванне таго, што вайна паставіла на край абрыву многія сем’і і краіны.

У сувязі з падрыхтоўкай да рэканструкцыі Гістарычная майстэрня была закрытая для наведванняў яшчэ ў пачатку лютага 2023 года, але актыўныя будаўнічыя работы былі заўважаныя толькі цяпер, у канцы 2024 года.

5 снежня 2024Comments Offгістарычная забудова | Мінск | музеі | рэканструкцыя | Сухая вуліца (Мінск)
У Полацку рамантуюць помнік Францыску Скарыну

Помнік Францыску Скарыну ў Полацку ў час рэстаўрацыі ўзімуку 2024 года. Фота: Полацкі веснік

Помнік Францыску Скарыну з’яўляецца першым у свеце манументам беларускаму першадрукару, узведзеным у Полацку ў 1974 годзе на плошчы Францыска Скарыны. Аўтары помніка — А. Заспіцкі, А. Глебаў і І. Глебаў. Помнік з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пра гэта піша «Полацкі веснік».
Сітуацыю пракаментавала начальніца аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Зенчанкова:

«На гэты момант праводзіцца бягучы рамонт помніка. Будзе заменена пашкоджаная гранітная абліцоўка яго падмурка. Пліты ўжо дэмантаваныя, і ў далейшым яны будуць заменены на новыя. Акрамя таго, будуць праведзены рэстаўрацыйныя работы непасрэдна самога помніка Францыску Скарыну. Рэстаўрацыя ажыццяўляецца пад навукова-тэхнічным суправаджэннем з выкананнем рэкамендацый спецыялістаў. Варта адзначыць, што ў выніку работ, праведзеных для падтрымання помніка ў эксплуатацыйным стане, яго першапачатковы выгляд не зменіцца.»

Сёлета ўжо праведзены бягучы рамонт помнікаў Сімяону Полацкаму, размешчанага на праспекце Францыска Скарыны, і героям Айчыннай вайны 1812 года на плошчы Свабоды. На гэтых аб’ектах, як піша выданне, неабходнасці ў рэстаўрацыі не было.

4 снежня 2024Comments OffПолацк | помнікі | рэстаўрацыя | Францыск Скарына