
Капліца на могілках . У 1805 г. ксёндз Вiнцэнт Нарбут, пробашч i дэкан лiдскi, пабудаваў тут досыць вялiкую драўляную каплiцу, якую высвяцiў ў гонар св. Барбары, панны i мучанiцы, як патронкi добрай смерцi, абраз гэтай святой знаходзiўся ў вялiкiм алтары. Пасля скасавання ў Лiдзе касцёла кармелiтаў i пажару касцёла пiяраў, падчас рамонту Фары, з дазволу дыяцэзiяльных уладаў, сюды былi часовы перанесеныя парафiяльныя набажэнствы. У 1848 г. каплiца была грунтоўна рэстаўравана. У 1905 г. невядомы злачынец падпалiў каплiцу, але пажар быў патушаны. У каплiцы калiсьцi быў стары арган, перанесены сюды з Фары, у 1904 г. гэты арган перададзены фiлii ў Крупава, дзе ён згарэў разам з касцёлам у 1919 г.
У 1928 г. быў зацверджаны новы праект драўлянай капліцы, але ён не быў рэалізаваны. У 1929 г. студэнтам архітэктуры К. Раствароўскім распрацаваны новы праект які атрымаў добрыя водгукі ад спецыялістаў. Вельмі павольнае будаўніцтва капліцы пачалося ў 1930 г. Толькі ў 1937 г. пабудова была пакрыта дахам, але да 1939 г. работы не былі скончаны. У 2000-2003 гг. быў праведзены грунтоўны рамонт, унутраная атынкоўка, устаўлены вокны і дзверы і інш. . У сярэдзіне 1970-х гг., калі могілкі былі падобныя на добра засмечаныя джунглі, капліца без вокнаў дзвярэй таямніча стаяла ў цені дрэў, і ўнутры пабудовы ляжала шматгадовае смецце.
На могiлках здаўна стаяў драўляны шпiталь, невядома кiм i калi пабудаваны i калi зруйнаваны, пасля зруйнавання жабракі не мелi дзе жыць. Панна Марыя Ле Форт, гувернантка, адпiсала для тутэйшых жабракоў 66 рублёў срэбрам. Кс. Юзафат Вайшвiла, лiдскi экс-пiяр, якi дажываў у лiдскай парафiяльнай плябанi, дадаў яшчэ 150 рублёў, i за гэтыя грошы ў 1845 г. пабудавалi новы драўляны шпiталь. У 1856 г. тут жылi 12 жабракоў. Калi гэты шпiталь струхнеў, панi Ласковiч пабудавала за агароджай могiлак драўляны шпiталь, якi iснаваў яшчэ пры канцы 1930-х гг.
Валанцёры, якія з 2017 г. аднаўляюць лідскія могілкі, летам 2020 г. знайшлі пахаванне аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 г. на Лідчыне – Каятана Дарашкевіча (Deraszkiewicz).
Дарашкевіч быў памочнікам і бліжэйшым паплечнікам братоў Калясінскіх. Ён выконваў вялікую арганізацыйную працу: збіраў і накіроўваў людзей у лідскі аддзел Людвіка Нарбута, купляў і прывозіў на Лідчыну зброю, збіраў грошы, вёў агітацыю сярод насельніцтва. З кнігі Зоф’і Кавалеўскай даведваемся, што Каятан Дарашкевіч памёр праз некалькі гадоў пасля паўстання і «пакінуў пасля сабе памяць як пра чалавека годнага, сумленнага і з пачуццём гонару. Пазней Станіслаў Калясінскі паставіў на яго магіле на могілках ў Лідзе невялікі надмагільны камень з надпісам: “Каятану Дарашкевічу, вахмістру народнага войска”. Гэты помнічак захаваўся і па сёння» (маецца на ўвазе 1934 г.) .
І вось, здаецца, валанцёры знайшлі магільны камень Дарашкевіча (каардынаты помніка: 53.88109° N, 25.30495° E). Стары камень вельмі пацярпеў ад часу і немагчыма на 100% гарантаваць, што надпіс на ім расшыфраваны цалкам дакладна. Але на карысць гэтага кажа і тое, што недалёка ад гэтага каменя знаходзяцца некалькі сямейных пахаванняў Калясінскіх, таму, у любым выпадку, Каятан Дарашкевіч знайшоў свой апошні прытулак недзе недалёка.
Валерыя Цехановіч з Цыбульскіх (1841—1933), удзельніца паўстання 1863 года, жонка Гераніма Канстантыя Цехановіча (1844—1898).
