Тып : будынак
Шыфр : 711Е000001
Архітэктурны стыль : эклектыка
Датаванне : ХІ–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_гасцініцы_Суціна

Будынак гасцініцы Суціна — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 11. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. з цэглы.

== Гісторыя ==

У XVII—XVIII стагоддзях па тэрыторыі гэтага пляца праходзіў невялікі ручай, які з’яўляўся правым прытокам ракі Нямігі. Менавіта яго канфігурацыя абумовіла першапачатковую трасіроўку так званага Нямігскага завулка, які ў XIX стагоддзі атрымаў назву вуліца Феліцыянаўская, а пасля 1866 года — Багадзельная.
У дакументах XIX стагоддзя гэты ручай згадваецца як «канава Суціна». У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года.
Пасля пажару ў 1887 годзе з дазволу Мінскай гарадской управы на гэтым пляцы па адрасе вул. Праабражэнская, 7 быў пабудаваны вялікі мураваны трохпавярховы дом з мезанінам у стылі эклектыкі, і мураваны двухпавярховы флігель з печкавым ацяпленнем, якія належалі купцу Берку Нахімаву Суціну. На першым паверсе былі дзве праязныя аркі, перакрытыя скляпеннямі. Пад паўночна-ўсходняй аркай праходзіў ручай, які быў закрыты драўляным насцілам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў багата аздоблены ляпным дэкорам, на другім і трэцім паверхах знаходзілася некалькі балконаў, упрыгожаных фігурнымі металічнымі кратамі.
Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку будынка займала гасцініца «Суціна», у якой было 43 нумары. Галоўны ўваход у гасцініцу знаходзіўся з боку вуліцы Праабражэнскай, а некалькі службовых уваходаў — збоку двара. Значная частка падвальных памяшканняў была занята пральняй, якая абслугоўвала гасцініцу. Значную частку першага паверха і падвальных памяшканняў займаў рэстаран Берыловіча. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся банкірская кантора Берыловіча, а таксама вялікая кнігарня, якія мелі асобныя ўваходы з боку вуліцы.
У 1917 годзе ў будынку гасцініцы размяшчалася канцылярыя начальніка паведамленняў армій Заходняга фронту.
Пасля 1920 года будынак нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваўся як гасцініца.
У час Вялікай Айчыннай вайны будынак амаль не пацярпеў. У 1960-я перабудаваны, зніклі балконы і большая частка архітэктурнага дэкору, з’явілася ўязная арка. У савецкія часы ў будынку размяшчаліся культасветвучылішча і кафэ.

У 1950—1980-я гады ў былым доме Суціна знаходзіліся Мінскае музычнае вучылішча, а таксама музычная бібліятэка. У канцы XX стагоддзя сюды быў пераведзены Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут.
У пачатку 2010-х гадоў «Мінгатэль», якому належаў будынак, вырашыў вярнуць яму першапачатковую функцыю. Пры рэстаўрацыі будынка за аснову былі ўзяты некалькі захаваных гістарычных фотаздымкаў, на якіх бачна, якім быў дах і дзе размяшчаліся балконы. У час рэстаўрацыі будынку вернуты гістарычны выгляд. Унутры будынка адноўлены інтэр’еры ў стылі XIX стагоддзя. Каб павялічыць колькасць нумароў у новым гатэлі, была створана мансарда. З дваровага боку створаны ліфты. Пасля завяршэння работ у будынку ў маі 2012 года адкрылася гасцініца «Гарні» (гасцініца з такой назвай раней існавала ў Мінску, але зусім у іншым месцы), разлічаная на 48 нумароў.

== Архітэктура ==
Трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, накрыты ламаным двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фасада. Галоўны фасад члянёны пілястрамі дарычнага ордара і карнізнымі паясамі. Аконныя праёмы лучковыя і больш высокія паўцыркульныя з ліштвамі. Лучковыя вокны на другім паверсе дэкарыраваны фігурнымі сандрыкамі, на трэцім — прамымі. Сцены першага паверха руставаны. Завершаны карнізам з поясам буйных сухарыкаў, а таксама атыкамі, якія аздоблены ляпнінай, круглымі і паўцыркульнымі вокнамі. У бакавых частках будынка — лучковыя арачныя праезды. Планіроўка калідорная.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Тып : будынак
Шыфр : 711Е000001
Архітэктурны стыль : эклектыка
Датаванне : ХІ–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Будынак_гасцініцы_Суціна
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты