
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла — праваслаўны храм у Шарашове, збудаваны ў 1824 годзе. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі архітэктуры класіцызму.
Гісторыя
Калі ў 1760 годзе была пабудавана новая Прачысценская царква, стары будынак, 1700 года пабудовы, разабралі і перанеслі на могілкі на ўскрайку мястэчка. У 1820—1824 гадах гэтая царква была перабудавана і асвечаная ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.
Ля ўсходняе (алтарнае) сцяны царквы знаходзіцца магіла заслужанага прафесара Віленскага ўніверсітэта Міхаіла Баброўскага, які быў настаяцелем у мясцовай парафіяльнай царкве.
Улетку 1995 года храм загарэўся ад удару маланкі ў суседняе дрэва, аднак агонь не паспеў нанесці значных пашкоджанняў. Пасля рамонту быў усталяваны новы прастол.
Царква дзейнічае, набажэнствы адбываюцца ў дзень святых Першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, а таксама ў дні паміну спачылых.
Архітэктура
Адназрубная пабудова з трохграннай алтарнай апсідай накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Шэсць калон надаюць порціку падабенства да класіцыстычнага. Галоўны фасад з трохвугольным франтонам, на якім размешчаныя два рамбічныя акенцы, увенчаны двух’яруснай фігурнай вежачкай. Астатнія вокны прамавугольныя.
У аздабленні храма выкарыстаныя паліхромная афарбоўка, дэкаратыўная шалёўка, роспіса на рэлігійныя сюжэты.
Інтэр’ер зальны. Скляпенні плоскія.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4





