
Слу́цкая бра́ма — помнік архітэктуры 16 ст. у Нясвіжы, стаіць на дарозе, што злучае Нясвіж са Слуцкам.
== Гісторыя ==
Стаяла ў абарончым гарадскім вале на дарозе, што звязвала Нясвіж са Слуцкам. Пабудавана разам з абарончай гарадской сістэмай у 16 ст., але ў часе ваенных дзеянняў 17 ст. была разбурана. Зноў пабудавана ў 1690 г. на старым месцы, перабудоўвалася ў 1700 г. (паводле іншых звестак, у 1760 г.). Стаіць на дарозе-дамбе на беразе возера паміж Новым і Старым горадам. У 1970-я гады брама адрэстаўравана.
== Архітэктура ==
Брама ўяўляе сабой мураваны двух’ярусны прамавугольны ў плане будынак з арачным праездам па цэнтры. Сцены брамы ўмацаваны контрфорсамі, будынак накрыты двухсхільным чарапічным дахам. Галоўны і процілеглы (тыльны) фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейнымі абрысамі. На першым ярусе брамы былі памяшканні для варты, на другім — капліца, якая раскрывалася праз вялікі аконны праём з балконам у бок горада.
== Капліца ==
Капліца зроблена на сродкі нясвіжскіх мяшчан у 1700 г. Адноўлена ў 1788 г. князем Каралем Радзівілам. Пасля паўстання 1863 г. капліца зачынена; адноўлена толькі ў 1900 г. У капліцы меўся шанаваны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі з дзіцем Ісусам у багатым срэбраным абкладзе.
== Брама на старых фотаздымках ==
== Літаратура ==
Т. І. Чарняўская. Памяць. Нясвіжскі раён. Мінск, Белта, 2002.
А. М. Кулагін. Каталіцкія храмы на Беларусі. Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 2000.
Е. Квитницкая. Брамы Белоруссии. Архитектурное наследство. № 29. 1981. http://harodnia.com/be/uczora/vkl-recz-paspalitaja/539-elena-kvitnitskaya-bramy-belorussii-chast-1