Гандлёвыя рады «Бе́лыя ла́ўкі» — помнік грамадзянскай архітэктуры XIX стагоддзя ў Пружанах Брэсцкай вобласці. Пабудаваныя ў 1867 годзе з цэглы. Архітэктары — Міхайлоўскі і Савіч.
== Гісторыя ==
Збудаваныя на месцы старых драўляных гандлёвых радоў паводле праекту гарадзенскага губернскага архітэктара Міхайлоўскага і епархіяльнага архітэктара Т. Савіча. Першапачаткова мелі праезд ва ўнутраны дворык для падвозу і захоўвання тавараў.
== Архітэктура ==
Помнік грамадзянскай архітэктуры XIX стагоддзя з рысамі барока і класіцызму. Цікавыя як рэдкі ўзор грамадзянскай манументальнай архітэктуры.
Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак накрыты двухсхільным дахам з франтонамі на тарцах. 2 рады гандлёвых ячэек утвораныя масіўнымі аркадамі з абодвух падоўжных фасадаў. Насупраць інтэрвалаў паміж слупамі арак неглыбокія прамавугольныя нішы ў сценах, у якіх размешчаныя дзверы і вітрыны гандлёвых памяшканняў.
Колішні праезд пасярэдзіне падкрэслены трохпралётнымі рызалітамі, апрацаванымі пілястрамі і завершанымі фігурнымі франтонамі.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктурныя помнікі Пружаншчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 39.
Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область // / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — ISBN 5-85700-017-3.