
Дом літаратара — будынак у Мінску, размешчаны па адрасе вуліца Фрунзэ, 5.
Гісторыя
Пабудаваны ў 1976 г. па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева і В. Шубінай. Займае вуглавое становішча на скрыжаванні вуліц Фрунзэ і Румянцава.
Будынак належаў Саюзу пісьменнікаў БССР, пасля Саюзу беларускіх пісьменнікаў. У 1997 годзе будынак быў адабраны ў незалежнага СБП. У 2005 годзе быў створаны праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які заняў Дом літаратара пасля высялення з яго Саюза беларускіх пісьменнікаў у 2006 годзе.
У 2008—2015 гадах у будынку размяшчаўся Тэатр юнага гледача, чый будынак знаходзіўся на рэканструкцыі.
Таксама ў будынку размяшчаецца Камерны драматычны тэатр (Тэатральная майстэрня Наталлі Башавай).
Архітэктура
Планіроўка будынка мае функцыянальнае размежаванне на парадную і дзелавую часткі. Асновай параднай часткі з’яўляецца глядзельная зала на 336 месцаў на 2-м паверсе, да якой далучана фае з антрэсолямі і кафэ. Галоўны вестыбюль аб’ядноўвае канферэнц-залу, бібліятэку, камінную залу з эстрадай. Планіроўка адміністрацыйнага корпуса калідорная з вуглавымі холамі. У апрацоўцы інтэр’ераў шырока выкарыстаны мармур, туф, шпона, дэкаратыўная тынкоўка, чаканка (мастак Ю. Любімаў).
Літаратура
- 328. Дом літаратара // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.