
Дом Орды — будынак у гістарычным цэнтры Пінска, размешчаны па адрасе вуліца Леніна, 38-40, на рагу з вуліцай Бутрымовіча.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя (па некаторых звестках у пачатку ХХ стагоддзя) у эклектычным стылі для Леанціны(wd) бел., нявесткі Напалеона Орды.
З 25 студзеня па 5 сакавіка 1919 года ў гэтым доме знаходзіўся штаб 2-га савецкага Паўстанцкага Палескага палка пад камандаваннем Фёдара Казубоўскага, які вызваліў Пінск ад кайзераўскіх акупантаў, пра што сведчыць памятная таблічная на будынку. У міжваенны перыяд тут размячалася бібліятэка Орды, якая налічвала больш за 1400 кніг.
== Архітэктура ==
Будынак двухпавярховы, складаецца з 2 частак, аб’яднаных адзіным праездам. Вугал дома на скрыжаванні вуліц зрэзаны і вылучаны гранёным эркерам, які навісае пад уваходам. У завершы вугла — фігурны шчыт у форме какошніка, дэкарыраванага філёнгамі і арнаментам з цаглянай муроўкі. Пластыку фасадаў узбагачаюць фігурныя ліштвы акон, лапаткі, філёнгі, пінаклі, руст. Уваходны рызаліт завершаны ступеньчатым атыкам.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
А. М. Кулагін. 1212. Забудова вуліцы Леніна // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — С. 285. — 368 с., іл.
Т. В. Габрусь, А. Н. Кулагин. 1354. Застройка улицы Ленина // Свод памятников истории и культуры Белоруссии (руск.) / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — Брестская область. — С. 317. — 424 с.: ил. — ISBN 5-85700-017-3.