Дом па Замкавай вуліцы, 2 у Лідзе. Пабудаваны ў самым пачатку ХХ стагоддзя. Стары адрас дома – Віленская (Сувальская), 1 ці Крывая, 6. Двухпавярховы дом амаль адразу яго арандавала папячыцельства аб народнай цвярозасці, і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адкрывалі, каб адцягнуць народ ад п’янства. Звычайна там бывала бібліятэка-чытальня і чайная, працавалі розныя гурткі. У 1920-я гады тут месціліся штаб-кватэры розных палітычных партый. Падчас апошняй вайны гарэў, быў адрамантаваны. Цяпер гэта жылы дом.
Практычна адразу пасля пабудовы дом быў арандаваны Лідскім папячыцельствам аб народнай цвярозасці, і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адчыняліся, каб адцягнуць народ ад п’янства, і звычайна складаліся з бібліятэкі-чытальні, чайнай і розных гурткоў. Акрамя Ліды, Народны дом захаваўся да нашага часу ў Гродне, ён быў пабудаваны ў 1904 г. паводле праекта Л. Лангада і М. Раманава. Такім чынам, у гэтым будынку месціўся першы ў нашым горадзе народны клуб.
У пачатку бурлівых 1920-х гг. тут былі штаб-кватэры розных палітычных партый.
У першай палове 1920-х гг. за 85 000 злотых гэты будынак быў набыты для Лідскага магістрата, і тут да 1939 г. працавалі адміністрацыя і бургамістры горада, засядала гарадская Рада, якая ў 1938 г. складалася з 24 чалавек.
Калаж зроблены В. Бураком, сучасны выгляд дома па Замкавай, 2 сумешчаны з фотаздымкам Лідскага магістрата 1930 г.
На аэрафотаздымку 1944 г. гэта адзіны дом, які захаваўся на пляцоўцы на поўнач ад замка, але бачна, што будынак магістрата гарэў і не мае даху. Хутка адрамантаваны адразу пасля вайны, ён страціў усе ўпрыгажэнні, але быў атынкаваны. З таго часу гэта звычайны жылы дом нашага горада.